Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AMBER BRACKEN)

Святы Пасад: Дактрына адкрыцця не належыць да вучэння Касцёла

Дактрына адкрыцця, якая служыла апраўданнем для экспрапрыяцыі земляў карэнных народаў каланіяльнымі ўрадамі, не з’яўляецца і ніколі не была часткай вучэння Каталіцкага Касцёла.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

30 сакавіка 2023 года ў Ватыкане была абнародавана Сумесная заўвага пра Дактрыну адкрыцця, падрыхтаваная Дыкастэрыямі па культуры і па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Дакумент тычыцца адносін да канцэпцыі, на падставе якой тлумачыліся прэтэнзіі каланіяльных уладаў на адкрытыя землі ў эпоху вялікіх геаграфічных адкрыццяў.

Згодна з Дактрынай, лічыліся, што права ўласнасці на адкрытыя землі належыць урадам, чые падданыя адкрылі гэту тэрыторыю. Канцэпцыя выкарыстоўвалася для пазбаўлення карэннага насельніцтва права ўласнасці на зямлю на карысць каланізацыйных ці посткаланізацыйных урадаў.

Дзякуючы дапамозе з боку карэнных народаў “Касцёл набыў большае ўсведамленне іх пакут, у мінулым і ў сучаснасці, выкліканых экспрапрыяцыяй іх земляў” і “палітыкай прымусовай асіміляцыі, якая рэалізоўвалася тагачаснымі ўладамі, часам з мэтай знішчэння іх культур”, - гаворыцца ў заўвазе.

Адзначаецца, што Дактрына адкрыцця, якая служыла апраўданнем для экспрапрыяцыі земляў карэнных народаў каланіяльнымі ўрадамі, “не з’яўляецца часткай вучэння Каталіцкага Касцёла, а папскія булы, якімі рабіліся саступкі ўладарам-каланізатарам, ніколі не сталі Настаўніцтвам”.

Ватыканскі дакумент, апублікаваны праз восем месяцаў пасля падарожжа Папы ў Канаду, пацвярджае непрыняцце Каталіцкім Касцёлам каланізатарскага менталітэту. “На працягу гісторыі”, - гаворыцца ў тэксце - “Папы асуджалі акты насілля, прыгнёту, сацыяльнай несправядлівасці і рабства, у тым ліку ўчыненыя супраць карэннага насельніцтва”.

Згадваецца таксама пра шматлікія прыклады біскупаў, святароў, законнікаў і законніц, свецкіх вернікаў, “якія аддалі сваё жыццё, абараняючы годнасць гэтых народаў”. У той жа час у дакуменце прызнаецца той факт, што “многія хрысціяне рабілі злачынныя ўчынкі супраць карэнных народаў, за якія Папы ў нядаўнія часы прасілі прабачэння пры шматлікіх нагодах”.

Паводле некаторых навукоўцаў, у аснове Дактрыны адкрыцця ляжалі некаторыя папскія дакументы, такія як булы Мікалая V Dum Diversas (1452) і Romanus Pontifex (1455), а таксама була Аляксандра VI Inter Caetera (1493). Імі Пантыфікі дазвалялі партугальскім і іспанскім манархам авалодаць каланізаванымі землямі, падпарадкоўваючы мясцовае насельніцтва.

“Гістарычныя даследаванні выразна паказваюць”, што “згаданыя папскія дакументы, напісаныя ў асаблівы гістарычны перыяд і звязаныя з палітычнымі пытаннямі, ніколі не лічыліся выразам каталіцкай веры”. Касцёл таксама прызнае, што “гэтыя папскія булы не адлюстроўвалі належным чынам роўную годнасць і правы карэнных народаў”.

“Змест гэтых дакументаў быў выкарыстаны ў палітычных мэтах каланіяльнымі сіламі, якія спаборнічалі паміж сабой, для апраўдання амаральных дзеянняў супраць карэнных народаў, якія часам рабіліся без супраціву з боку касцёльных уладаў”. Святы Пасад падкрэслівае, што правільным будзе “прызнаць гэтыя памылкі, прызнаць жудасныя наступствы палітыкі асіміляцыі і пакуты, прычыненыя карэнным народам, і прасіць прабачэння”.

У заўвазе згадваюцца словы Францішка: “Хрысціянская супольнасць ніколі больш не павінна дазволіць заразіць сябе ідэяй, што адна культура вышэйшая за іншыя, або, што законна звяртацца да прымусу іншых”. Нагадваецца, што Настаўніцтва Касцёла падтрымлівае павагу да кожнага чалавека, і таму Касцёл “не прымае тыя канцэпцыі, якія не прызнаюць неад’емныя правы карэнных народаў”, у тым ліку так званую Дактрыну аб адкрыцці.

У дакуменце прыводзяцца таксама “шматлікія і неаднаразовыя” заявы Касцёла і Папаў у абарону карэнных народаў, пачынаючы ад булы Sublimis Deus Паўла ІІІ (1537), дзе падкрэслівалася, што індзейцы не павінны “ніякім чынам пазбаўляцца іх свабоды і даброт, нават калі не належаць да хрысціянскай веры”, і “не павінны ніякія чынам прымушацца да рабства”. У сучаснасці салідарнасць Касцёла з карэннымі народамі выявілася ў падтрымцы Святым Пасадам прынцыпаў, якія ўтрымліваюцца ў Дэкларацыі ААН аб правах карэнных народаў. Іх рэалізацыя “палепшыла б умовы жыцця і дапамагла б абараніць” правы гэтых народаў, - гаворыцца ў Сумеснай заўвазе ватыканскіх ведамстваў.
 

30 сакавіка 2023, 12:00