Пошук

Будынак ААН у Жэневе Будынак ААН у Жэневе   (REUTERS)

Святы Пасад у ААН: да бежанцаў нельга ставіцца як да цяжару

Аб неадкладнасці барацьбы з расізмам і расавай дыскрымінацыяй нагадаў удзельнікам 52-й сесіі Савета па правах чалавека арцыбіскуп Фартунатус Нвачукву.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Выступаючы 29 сакавіка 2023 года на пасяджэнні Савета па правах чалавека, Пастаянны прадстаўнік Святога Пасада ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе прапанаваў скарыстацца 75-ай гадавінай прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека як магчымасцю падвесці вынікі дасягнутага прагрэсу і разглядзець выклікі ў галіне ліквідацыі расавай дыскрымінацыі і абароны правоў чалавека.

Па словах дыпламата, нягледзячы на дасягнуты прагрэс у міжнародных намаганнях па ліквідацыі ўсіх відаў дыскрымінацыі, выклікае расчараванне той факт, што па-ранейшаму здараецца мноства выпадкаў расавай дыскрымінацыі. Гэтыя ганебныя праявы расізму дэманструюць, што “дасягнуты намі сацыяльны прагрэс не такі ўжо рэальны або канчатковы, як мы думаем”. Вірус расізму значна горшы за пандэмію каронавіруса, ён "хутка змяняецца і замест таго, каб знікнуць, хаваецца і затойваецца ў чаканні", - адзначыў прадстаўнік Святога Пасада.

“На жаль, на розных міграцыйных шляхах мы назіраем выпадкі расавай дыскрымінацыі, калі мігранты і ўцекачы часам падвяргаюцца несправядліваму абыходжанню з боку памежнікаў, гуманітарных арганізацый і мясцовых супольнасцей”, - адзначыў арцыбіскуп Нвачукву, дадаючы, што многія з гэтых людзей сутыкаюцца з дыскрымінацыяй на падставе колеру скуры. Іерарх нагадаў аб тым, што бежанцаў неабходна вітаць, абараняць і інтэграваць у грамадства, “незалежна ад іх расы, полу, краіны паходжання, культуры або рэлігіі”, да іх ніколі нельга ставіцца як да цяжару.

Акрамя таго, Святы Пасад асабліва занепакоены новай формай дыскрымінацыі, якую Францішак асуджае як ідэалагічную каланізацыю. “Замест павагі да каштоўнасцяў і культуры мясцовага насельніцтва, некаторыя заходнія дзяржавы навязваюць свае ідэалогіі краінам поўдня”, часам адмаўляючы ім у фінансавай падтрымцы і гуманітарнай дапамозе да таго часу, пакуль краіна не прыме іх пазіцыі. Ніводная краіна свету ніколі не павінна быць вымушана выбіраць паміж сваімі ўласнымі каштоўнасцямі і міжнароднай падтрымкай, неабходнай для агульнага дабра, - папярэдзіў прадстаўнік Святога Пасада.

30 сакавіка 2023, 12:22