Святы Пасад у ААН нагадаў пра ролю жанчын у бяспецы
Марыя Валодзіна - Vatican News
7 сакавіка 2023 года арцыбіскуп Габрыэле Кача прыняў удзел у адкрытых дэбатах, прымеркаваных да 25-й гадавіны рэзалюцыі 1325 аб жанчынах, міры і бяспецы. Ён выказаў занепакоенасць ростам насілля ў адносінах да жанчын і дзяўчынак, а таксама скарачэннем удзелу жанчын у міратворчых працэсах. На думку іерарха, “гэта сведчыць аб тым, што цяперашні падыход не апраўдвае сябе”.
Прадстаўнік Святога Пасада працытаваў словы Папы аб тым, што “жанчыны могуць унесці ўнікальны ўклад у жыццё грамадства і стаць першымі саюзнікамі міру”, пры ўмове прызнання правоў чалавека для ўсіх. Аднак у многіх краінах жанчыны лічацца “грамадзянамі другога гатунку”, сутыкаючыся з гвалтам, здзекамі, абмежаваным доступам да адукацыі, працаўладкавання і аховы здароўя. Святы Пасад асуджае такое становішча і выказвае занепакоенасць сітуацыяй шматлікіх жанчын і дзяўчынак, якім сістэматычна адмаўляюць у адукацыі.
Іерарх нагадаў, што падчас нядаўняга апостальскага падарожжа ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга і Паўднёвы Судан Папа падкрэсліваў патэнцыял жанчын у пераўтварэнні грамадства, яго пераходзе ад гвалту да міру. “Каб раскрыць гэты патэнцыял, неабходна даць жанчынам магчымасці больш поўна ўдзельнічаць у міратворчых працэсах, а таксама ва ўсіх аспектах палітычнага жыцця і працэсах прыняцця рашэнняў”, - заявіў арцыбіскуп Кача.
На думку дыпламата, неабходна ліквідаваць асноўныя фактары, якія спрыяюць пагаршэнню становішча жанчын і дзяўчынак: не толькі канфлікты, такія як вайна ва Украіне, Афрыцы і на Блізкім Усходзе, але і экстрэмізм, а таксама рост выдаткаў на ўзбраенне, у тым ліку і на ядзерную зброю.
У заключэнні прамовы прадстаўнік Святога Пасада працытаваў словы Папы аб тым, што “прысутнасць жанчын з'яўляецца сапраўдная альтэрнатывай гібельнай логіцы ўлады, якая вядзе да вайны”.