Пошук

52-я сесія Савета па правах чалавека ў Жэневе 52-я сесія Савета па правах чалавека ў Жэневе  (ANSA)

Святы Пасад у ААН нагадаў пра важнасць рэлігійнай свабоды

Ніякія праявы рэлігійных каштоўнасцяў не могуць лічыцца сапраўднымі, калі яны заахвочваюць да нянавісці, гвалту, дыскрымінацыі або канфлікту, - заявіў арцыбіскуп Фартунатус Нвачукву на 52-й сесіі Савета па правах чалавека.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Прымаючы ўдзел у інтэрактыўным дыялогу на тэму рэлігійнай свабоды, які прайшоў 14 сакавіка 2023 года ў Жэневе, пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН, нагадаў, што "Святы Пасад заўсёды надаваў першараднае значэнне абароне і садзейнічанню гэтай фундаментальнай свабоды", свабоды веравызнання, паколькі “яна ўяўляе сабой неад'емнае права кожнага чалавека шукаць ісціну”.

Прадстаўнік Святога Пасада прывітаў прызнанне таго факту, што "рэлігійныя ўстановы павінны самастойна вырашаць свае асноўныя пытанні", у тым ліку выбіраць рэлігійных лідэраў, святароў і іншых прадстаўнікоў “у адпаведнасці з іх практыкай, перакананнямі і аўтаноміяй”, а таксама самастойна, “без прымусу”, вызначаць сваю інстытуцыйную структуру.

Паводле Святога Пасада, "ніякае веравызнанне або праявы рэлігійных каштоўнасцяў не можа лічыцца сапраўдным, калі яно заахвочвае да нянавісці, гвалту, дыскрымінацыі або канфлікту”, - адзначыў дыпламат. Кампетэнтныя органы ўлады, якія садзейнічаюць агульнаму дабру, “нясуць адказнасць за адэкватнае рэагаванне на падобныя праявы псеўдарэлігійных каштоўнасцяў”, каб гарантаваць павагу да чалавечай годнасці і правоў кожнага чалавека.

Іерарх заклікаў забяспечыць гарантыю права на адмову ад ваеннай службы па меркаваннях сумлення. Нягледзячы на тое, што дзяржаўныя ўлады могуць на законных падставах абмяжоўваць праявы рэлігійных перакананняў у асаблівых надзвычайных сітуацыях і ў адпаведнасці з міжнародным правам, на думку арцыбіскупа Нвачукву, гэта ніколі не павінна азначаць прымус да дзеянняў, якія супярэчаць сумленню або перакананням чалавека.

У сувязі з гэтым прадстаўнік Святога Пасада заклікаў Спецыяльнага дакладчыка праводзіць выразнае адрозненне паміж праявай рэлігійных перакананняў і выбарам устрымлівацца ад пэўных дзеянняў на падставе гэтых перакананняў. Калі першае "можа быць законна абмежавана", то другое "цягне за сабой фактычны прымус”, які супярэчыць неад'емнаму праву чалавека на свабоду перакананняў.

Напрыканцы прамовы дыпламат працытаваў словы Папы аб тым, што “свабода веравызнання знаходзіцца пад пагрозай усюды, дзе вернікі бачаць, што іх здольнасць выказваць свае перакананні ў грамадскім жыцці абмяжоўваецца ў імя памылковага разумення інклюзіўнасці”. Свабода веравызнання, на думку Папы, з'яўляецца адной з мінімальных умоў для годнага ладу жыцця. “Урады абавязаны абараняць гэта права” і забяспечваць тое, каб кожны чалавек карыстаўся магчымасцю дзейнічаць у адпаведнасці са сваім уласным сумленнем, у тым ліку ў грамадскай сферы і пры выкананні сваёй прафесіі", - нагадаў арцыбіскуп Нвачукву.

15 сакавіка 2023, 12:09