Пошук

Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН арцыбіскуп Габрыэле Кача Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН арцыбіскуп Габрыэле Кача 

Святы Пасад у ААН: вірус расізма не знік, а хаваецца ў чаканні

Святы Пасад выступае з рашучым асуджэннем расізму і расавай дыскрымінацыі, - адзначыў арцыбіскуп Габрыэле Кача 21 сакавіка 2023 года ў Нью-Ёрку на ўрачыстым пасяджэнні з нагоды Міжнароднага дня барацьбы за ліквідацыю расавай дыскрымінацыі.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Прадстаўнік Святога Пасада ў ААН падкрэсліў, што “расізм заснаваны на скажонай веры ў перавагу аднаго чалавека над іншым", якая рэзка кантрастуе з фундаментальным прынцыпам свабоды і роўнасці ўсіх людзей.

Дыпламат адзначыў, што “нягледзячы на прыхільнасць міжнароднай супольнасці выкараненню расізма, ён працягвае адраджацца”, як вірус, які хутка змяняецца і замест таго, каб знікнуць, хаваецца ў чаканні. Выпадкі расізму ўсё яшчэ здараюцца ў нашых грамадствах, прыводзячы да "крызіса ў чалавечых адносінах".

Іерарх дадаў, што “гэты крызіс разгортваецца на розных узроўнях”. Адкрыты расізм часта выяўляецца і асуджаецца. Аднак на больш глыбокім узроўні расавыя забабоны могуць быць менш відавочнымі, але яны існуюць і могуць укараніцца ў грамадскім жыцці. Яны выяўляецца ў тых праявах няроўнасці, якія наносяць шкоду пэўным людзям выключна па прыкмеце расы. Эфектыўна супрацьстаяць расавым забабонам можна “шляхам прасоўвання культуры зносін, салідарнасці і сапраўднага чалавечага братэрства”.

Прадстаўнік Святога Пасада патлумачыў, што гэта не азначае проста жыць разам і памяркоўна ставіцца адзін да аднаго, хутчэй, гэта азначае, што мы "павінны захапляцца знаёмствамі з іншымі, пошукам агульных поглядаў, навядзеннем мастоў". Гэта магчыма толькі ў выніку прызнання ўнікальнага і неацэннага ўкладу, які кожны чалавек уносіць у грамадства.

Ад імя Святога Пасада дыпламат выказаў занепакоенасць у сувязі з расізмам і расавым пераследам, накіраванымі супраць мігрантаў і бежанцаў, і заклікаў “перайсці ад пазіцыі абароны і страху [...] да пазіцыі, заснаванай на культуры зносін, здольнай пабудаваць лепшы, больш справядлівы і братэрскі свет".

22 сакавіка 2023, 10:51