Святы Пасад у АБСЕ: СМІ павінны служыць агульнаму дабру
Марыя Валодзіна - Vatican News
Выступаючы 14 сакавіка 2023 года ў Вене на заключным пасяджэнні нарады па чалавечым вымярэнні, прысвечанай свабодзе СМІ як аснове ўсеагульнай бяспекі, дыпламат пацвердзіў перакананасць Святога Пасада ў тым, што “інфармацыя, якая паведамляецца сродкамі масавай інфармацыі, павінна стаяць на службе агульнага дабра. Грамадства мае права на інфармацыю, заснаваную на праўдзе, свабодзе, справядлівасці і салідарнасці".
Намаганні па падтрымцы свабоды СМІ, неабходнай для міру і бяспекі, “павінны грунтавацца на агульным разуменні іх ролі ў служэнні, прасоўванні і абароне чалавечай годнасці”. Гэта азначае прызнанне сродкамі масавай інфармацыі таго, што іх свабода з'яўляецца “асаблівай праявай права чалавека на свабоду выказвання меркаванняў і што, як і ў выпадку з любым правам чалавека, існуюць абавязацельствы і адказнасць, якія нельга ігнараваць”, - падкрэсліў прадстаўнік Святога Пасада.
Ён нагадаў, што "чалавечая асоба і чалавечая супольнасць з'яўляюцца мэтай і мерай выкарыстання сродкаў сацыяльнай камунікацыі". Таму сродкі масавай інфармацыі і журналісты абавязаны служыць агульнаму дабру, паведамляючы дакладную інфармацыю, неабходную палітыкам і міжнароднай супольнасці для прыняцця адказных рашэнняў.
Акрамя таго, журналістыка прыносіць карысць грамадству, спрыяючы інфармаванаму ўдзелу грамадзян у палітычным працэсе, аб'ядноўваючы людзей для дасягнення агульных мэтаў і ствараючы такім чынам адкрытыя, справядлівыя і сумленныя палітычныя супольнасці, - зазначыў дыпламат.
На яго думку, “важная роля журналістаў яшчэ больш узмацняецца ў канфліктных сітуацыях”. Дакладныя, аб'ектыўныя рэпартажы даюць свету ўяўленне пра канфлікты, якое не дае афіцыйная або ўрадавая інфармацыя. Гэта асабліва тычыцца моцных чалавечых пакут, якія суправаджаюць кожны канфлікт. “Звяртаючы ўвагу на ахвяр і тым самым падштурхоўваючы міжнародную супольнасць да дзеянняў, журналісты прыносяць грамадству канкрэтную і пазітыўную карысць, якую павінны прыносіць справядлівыя, мужныя і сумленныя СМІ”, - лічыць прадстаўнік Святога Пасада.
Напрыканцы прамовы мансеньёр Франконэ паўтарыў заклік Францішка да журналістаў "падтрымліваць такую форму камунікацыі, якая не была б варожай", а таксама весці “паважлівы дыялог” замест таго, каб дыскрэдытаваць і абражаць апанентаў.