Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Пасад з нагоды Рамадана: пашыраць культуру сяброўства

Далучыцца да пабудовы "больш мірнага, гарманічнага і радаснага суіснавання" у процівагу "культуры нянавісці" заклікаў хрысціян і мусульман прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У сваім пасланні з нагоды ісламскага месяца Рамадан і свята Ід аль-Фітр, кардынал Мігель Анхель Аюса Гішот заклікаў мусульман і хрысціян ва ўсім свеце супрацьстаяць "культуры нянавісці", якая працягвае падрываць грамадства, шляхам сумеснага прасоўвання "культуры любові і сяброўства", заснаванай на існуючых адносінах.

"Існуючыя сяброўскія адносіны ўмацоўваюцца, а новыя будуюцца, пракладваючы шлях да больш мірнага, гарманічнага і радаснага суіснавання", - адзначаецца ў пасланні пад загалоўкам Хрысціяне і мусульмане: прыхільнікі любові і сяброўства.

Перад тварам "экстрэмізму, радыкалізму, спрэчак і гвалту на рэлігійнай глебе" у пасланні падкрэсліваецца неабходнасць "знайсці найбольш прыдатныя спосабы процідзеяння і пераадолення культуры нянавісці, якая падсілкоўвае іх”.

Спасылаючыся на Дэкларацыю Другога Ватыканскага Сабора Nostra Aetate аб нехрысціянскіх рэлігіях (1965 год), прэфект ватыканскай дыяцэзіі зноў заявіў, што адрозненні ніколі не павінны прымушаць мусульман і хрысціян ігнараваць або забываць пра тое, што іх яднае.

"Усё пачынаецца з нашага стаўлення адзін да аднаго, асабліва, калі паміж намі існуюць адрозненні ў рэлігіі, этнічнай прыналежнасці, культуры, мове або палітыцы. Адрозненні могуць успрымацца як пагроза, але кожны мае права на сваю асаблівую ідэнтычнасць з яе разнастайнымі аспектамі, пры гэтым не ігнаруючы і не забываючы пра тое, што ў нас ёсць агульнага", - гаворыцца ў пасланні.

На жаль, негатыўнае стаўленне да тых, хто адрозніваецца ад нас, усё яшчэ распаўсюджана, у тым ліку і такія яго праявы, як “падазронасць, страх, суперніцтва, дыскрымінацыя, адчужэнне, пераслед, палеміка, абразы і зласлоўе". Яны падсілкоўваюцца сацыяльнымі сеткамі, "якія замест таго, каб быць сродкамі камунікацыі і сяброўства, ператвараюцца ў інструменты варожасці і барацьбы".

Як адзначыў Францішак, "людзі, баронячы сваю спажывецкую і камфортную ізаляцыю, выбіраюць пастаянную і апантаную прывязанасць. Гэта спрыяе нарастанню надзвычайных формаў агрэсіі, абвінавачванняў, здзекаў, дыскрэдытацыі, вербальнага бічавання аж да знішчэння іншай асобы з такой лютасцю, якая не магла б існаваць у рэальным кантакце, бо мы ўсе знішчылі б адзін аднаго. Сацыяльная агрэсія знаходзіць у мабільных прыладах і кампутарах магчымасць беспрэцэдэнтнага пашырэння” (Fratelli Tutti, 44).

Супрацьстаяць гэтым негатыўным паводзінам можна з дапамогай “павагі, дабрыні, міласэрнасці, сяброўства, узаемнага клопату аб усіх, прабачэння, супрацоўніцтва дзеля агульнага дабра, дапамогі ўсім тым, хто мае патрэбу ў чым-небудзь, а таксама клопату аб навакольным асяроддзі, каб захаваць наш агульны дом бяспечным і прыемным месцам, дзе мы зможам жыць разам у міры і радасці". Гэтыя каштоўнасці, на думку кардынала Гішота, павінны пашырацца з дапамогай “належнай адукацыі новых пакаленняў ва ўсіх сферах, дзе яны выхоўваюцца: у сям'і, у школе, у святынях і ў сацыяльных сетках".

"Свет, у якім пануюць справядлівасць, мір, братэрства і росквіт, задавальняе Усемагутнага і прыносіць радасць, патрабуючы, такім чынам, нашай шчырай і сумеснай дзейнасці", - гаворыцца напрыканцы паслання.

25 сакавіка 2023, 12:18