Пошук

П'ета Мікеланджэла П'ета Мікеланджэла 

У Ватыканскіх музеях пакажуць тры П’еты Мікеланджэла

30 сакавіка 2023 года ў Ватыканскіх музеях адкрыецца выстава Любоў і мука Мікеланджэла, на якой экспануюцца тры гіпсавыя копіі скульптур вялікага мастака.

Марыя Валодзіна – Vatican News

На выставе, якая размесціцца ў Пінакатэцы музеяў, будуць прадстаўлены тры знакамітыя П'еты Мікеланджэла Буанароці: ранняя і найбольш выбітная Ватыканская П'ета, або Аплакванне Хрыста, больш позняя П'ета Бандыні і загадкавая П'ета Ранданіні. Тры гіпсавыя копіі гэтых скульптур былі зробленыя паміж ХІХ і ХХ стагоддзямі.

Мяркуецца, што каштоўныя гіпсавыя экспанаты дадуць магчымасць гледачам пазнаёміцца з эвалюцыяй незвычайнага пластыкавага мастацтва Мікеланджэла, а таксама з яго духоўным шляхам, ад юнацтва, калі ў Рыме ва ўзросце дваццаці чатырох гадоў ён стварыў сваю першую П'ету, да поўнай сталасці з яго П'етой Бандыні ў Фларэнцыі, і апошніх гадоў, калі стары скульптар стварыў П'ету Ранданіні ў міланскім замку Сфорца.

Выстава, прымеркаваная да Вялікага посту і Вялікадня, распачнецца 30 сакавіка 2023 года і працягнецца да 6 студзеня 2024 года.

Рымская экспазіцыя – гэта трэці і апошні этап выставы: раней, на працягу 2022 года, яна праходзіла ў Фларэнцыі і Мілане.

30 сакавіка 2023, 10:36