Пошук

Ватыканскія музеі. Ілюстрацыйнае фота Ватыканскія музеі. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

У Ватыканскія музеі вяртаюцца канцэртныя вечары

Музычныя сустрэчы будуць праходзіць па пятніцах у рамках вячэрняга адкрыцця музеяў.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Новы музычны сезон распачнецца 14 красавіка 2023 года і прадоўжыцца да 20 кастрычніка. Усяго адбудзецца 14 канцэртаў, кошт якіх уключаны ва ўваходны білет.

Першы і апошні канцэрты музычнага сезона пройдуць у зале Braccio Nuovo (адгалінаванне ад музея К'ярамонці). Усе астатнія выступленні адбудуцца ў Грыгарыянскім музеі свецкага мастацтва.

Дырэктар музеяў Барбара Ята горача падтрымала ініцыятыву, якую назвала "сінэргіяй візуальнага і музычнага мастацтва, універсальнасцю творчых моў у дыялогу адна з адной”. Па яе словах, дзверы Ватыканскіх музеяў адчынены для тых, хто “знаходзіцца ў Вечным горадзе і імкнецца атрымаць незабыўныя ўражанні”.

Па традыцыі, Ватыканскія музеі запрасілі да ўдзелу ў пятнічных канцэртах навучэнцаў італьянскіх кансерваторый. На ўнікальнай сцэне сярод шэдэўраў класічнай скульптуры наведвальнікі змогуць атрымаць асалоду ад інструментальных і вакальных выступленняў, падрыхтаваных кансерваторыямі Рыма, Турына, Равэны, Крэмоны, Казэнцы, Сіены і іншых італьянскіх гарадоў.

На адкрыцці музычнага сезона 14 красавіка адбудзецца сумесны канцэрт аркестра Ватыканскай жандармерыі і Нацыянальнага аркестра фінансавай гвардыі Італіі.

У першую пятніцу чэрвеня ў канцэрце прымуць удзел прадстаўнікі розных узброеных сіл: ваенна-паветраных сіл Італіі, пажарных, грэнадзёраў Сардзініі і Ватыканскай жандармерыі.

Завяршыць сезон Нацыянальны аркестр італьянскай арміі, які выступіць 20 кастрычніка.

Акрамя канцэртаў, Ватыканскія музеі прапануюць наведвальнікам магчымасць забраніраваць экскурсію і пакаштаваць аперытыў.

18 сакавіка 2023, 10:49