Ватыканскі тэлескоп дапамагае шукаць новыя планеты
Марыя Валодзіна – Vatican News
Першыя дадзеныя, у тым ліку і дакладныя значэнні 54 спектраскапічных параметраў кожнай зоркі, будуць апублікаваныя ў навуковым часопісе Астраномія і астрафізіка (Astronomy & Astrophysics). Гэта беспрэцэдэнтна вялікая колькасць параметраў будзе мець важнае значэнне для інтэрпрэтацыі зорнага святла і пошуку сувязяў паміж уласцівасцямі зорак і іх магчымых планет.
Зоркі распавядаюць пра сябе, а часам і пра свае невядомыя планеты, - патлумачылі ў Ватыканскай абсерваторыі. - Іх мова – гэта святло. Зорнае святло раскрывае шматлікія фізічныя ўласцівасці зоркі, такія як тэмпература, ціск, рух, хімічны склад і многае іншае. Даследчыкі аналізуюць святло з дапамогай метада колькаснай абсарбцыйнай спектраскапіі: тэлескопы ўлоўліваюць зорнае святло, а спектрографы разбіваюць яго на вясёлкавы спектр.
Паколькі зоркі і іх планеты нараджаюцца разам, астраномы выказалі гіпотэзу, што наяўнасць пэўных хімічных элементаў можа сведчыць аб тым, што ў зоркі ёсць планеты, можа распавесці пра ўзрост гэтых планет і нават пра тое, што зорка паглынула некаторыя з сваіх планет.
Гіпотэза патрэбуе далейшага вывучэння, аснову для якога закладаюць апублікаваныя дадзеныя. З больш 5000 пацверджаных экзапланет (планет, якія круцяцца вакол іншых зорак, не Сонца) 75% былі выяўленыя шляхам назірання за памяншэннем яркасці зорак падчас праходжання перад імі планет.
Менавіта такім чынам выявіла экзапланеты місія TESS. Яна дазволіла выявіць больш экзапланет пры назіранні за полюсамі экліптыкі (плоскасці, у якой Зямля круціцца вакол Сонца). Абсерваторыі ў паўночным паўшар'і могуць назіраць паўночны полюс экліптыкі, і гэты агляд у рамках даследавання быў засяроджаны на самым багатым для назіранняў TESS-участку неба, які прыкладна ў 4000 разоў перавышае памер поўнага месяца.
Былі даследаваны прыкладна 1100 патэнцыйна планетаўтваральных зорак. Для таго, каб улавіць дастатковую колькасць святла адной зоркі і атрымаць яе высакаякасны спектр спатрэбіліся да 1,5 гадзін працы тэлескопа. Кожную зорку даследвалі некалькі разоў, таму на завяршэнне даследавання пайшлі пяць гадоў. У даследаванні выкарыстоўваліся тэлескопы на двух аб'ектах: у Арызоне і на Тэнэрыфэ.
Ватыканская абсерваторыя была створана ў 1572 гаду. Яе штаб-кватэра знаходзіцца ў летняй папскай рэзідэнцыі ў Кастэль-Гандольфа.