Пошук

Папа Францішак і прафесар Стэфана Дзаманьі Папа Францішак і прафесар Стэфана Дзаманьі 

Папскі акадэмік: выклікі грамадства патрабуюць тэалагічнай рэфлексіі

Перад абліччам сучасных сацыяльных і экалагічных выклікаў Касцёл павінен сягаць да прычын няроўнасці і адказаць на іх актуальным каталіцкім сацыяльным вучэннем, заўважыў прафесар Стэфана Дзаманьі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Папскі акадэмік і былы старшыня Папскай акадэміі сацыяльных навук прыняў удзел у інаўгурацыі цыклу лекцый па тэалогіі, прысвечаных новым выклікам, перад якімі стаіць свет. Яны будуць праводзіцца ў Каталіцкім універсітэце Найсвяцейшага Сэрца ў Мілане.

Навуковец падкрэсліў, што хрысціянства – гэта рэлігія ўцелаўлення, якой заўсёды блізкія чалавек і праблемы, з якімі яму даводзіцца сустракацца. Ён зазначыў таксама, што хрысціянская думка значна прасунулася наперад у пытаннях біяэтыкі, маралі ці сямейнага жыцця, але існуе пэўная запаволенасць у разважанні над эканамічнымі, сацыяльнымі і экалагічнымі праблемамі. Адсюль нарадзілася жаданне паглыбіць рэфлексію на гэтыя тэмы, - дадаў ватыканскі эканаміст.

“Самыя важныя выклікі, якія стаяць перад каталіцкім сацыяльным вучэннем, гэта эндэмічны і сістэматычны рост сацыяльнай няроўнасці, знішчэнне прыроднага асяроддзя, якое паставіла нас у крызісны стан, праблема, вядомая як “парадокс шчасця”, - сказаў ён, адзначаючы, што гаворка ідзе пра рост самагубстваў у заможных краінах.

Прафесар Дзаманьі нагадаў, што іншымі фундаментальнымі выклікамі ён лічыць разуменне чалавечай працы, якая часта разглядаецца выключна на ўзроўні сыравіны, і трансгуманістычны праект, які, праз пашырэнне выкарыстання штучнага інтэлекту, мае на мэце зрабіць неістотнымі саміх людзей. “Гэта вялікія выклікі і пытанні, на якія сёння павінна адказаць сацыяльнае вучэнне Касцёла, а значыць і тэалогія”, - сцвердзіў папскі навуковец.
 

07 красавіка 2023, 10:44