Пошук

Кардынал П'етра Паралін падчас Імшы ў базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ Кардынал П'етра Паралін падчас Імшы ў базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Дзяржсакратар: Чэхія і Славакія далі прыклад вырашэння канфліктаў

Мірны падзел Чэхаславакіі – прыклад для вырашэння сучасных канфліктаў, - зазначыў кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін падчас святой Імшы ў рымскай базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца ўзначаліў літургію, прымеркаваную да 30-годдзя ўтварэння незалежных Чэхіі і Славакіі. 1 студзеня 1993 года гэтыя дзве краіны, спачатку аб’яднаныя ў Чэхаславакію, “мірна разышліся, даючы свету красамоўны ўрок таго, як могуць дасягацца фундаментальныя патрэбы ў самавызначэнні і незалежнасці ва ўзаемнай павазе, міры і братэрстве”, - нагадаў іерарх.

Дзяржсакратар заўважыў, што ў святле “вайны ва Украіне, развязанай Расіяй”, 30-гадовы досвед Чэхіі і Славакіі “працягвае заставацца крыніца натхнення” і прыкладам таго як дзяржавы могуць “мірна вырашаць іх супярэчнасці, праз дыялог і ўзаемную павагу”.

Кардынал Паралін, спасылаючыся на велікодны перыяд, які трывае ў Касцёле, нагадаў, што спакой, прынесены Хрыстом, прадугледжвае не толькі адсутнасць канфліктаў, але таксама справядлівасць і згоду, а “будаванне гармоніі паміж намі”, гэта “не пытанне стратэгіі ці ветлівасці, але ўнутраная патрэба жыцця ў Духу”.

Ватыканскі іерарх пажадаў, каб святло веры, заснаванае на “векавой духоўнай традыцыі святых братоў Кірыла і Мятода” і захаванае “на працягу стагоддзяў, нягледзячы на пераслед, зняволенне і прыгнёт”, працягвала спрыяць матэрыяльнаму, а ў першую чаргу духоўнаму дабрабыту чэшскага і славацкага народаў.

Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы звярнуў увагу таксама на важнасць салідарнасці і ўзаемнай павагі дзеля лепшага свету, у якім будуць пераважаць трывалы мір паміж людзьмі і народамі – мір, які з’яўляецца плёнам справядлівасці і наступствам любові.

Каментуючы евангельскі ўрывак, у якім Езус казаў пра важнасць нараджэння нанова з вады і Святога Духа, кардынал Паралін, падкрэсліў, што гэта перараджэнне падштурхоўвае “зірнуць на свет у іншым ракурсе і прыняць сілу веры, якая перамяняе”. Ён заўважыў, што менавіта гэта адбылося з жыхарамі Вялікай Маравіі ў IX стагоддзі, калі, дзякуючы дзейнасці святых Кірыла і Мятода, мясцовае насельніцтва атрымала запрашэнне прыняць новае бачанне жыцця і свету, заснаванае на Евангеллі.

Кардынал Дзяржсакратар звярнуў увагу таксама на важнае значэнне, якое мела для евангелізацыі і ўмацавання суверэнітэту славянскіх народаў выкарыстанне мясцовай мовы ў літургіі.

На працягу стагоддзяў “славянскія народы гэтага рэгіёна сутыкаліся з рознымі выклікамі, у тым ліку з іншаземным панаваннем і прыгнётам”. Але дух незалежнасці і самавызначэння “ніколі не згасаў і, дзякуючы гэтай вечнай спадчыне евангелізацыі і культурнай тоеснасці, пасля падзення камуністычнага рэжыму прывёў да мірнага падзелу Чэшскай і Славацкай Федэратыўных Рэспублік у 1993 годзе”, - заўважыў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.
 

18 красавіка 2023, 11:26