Пошук

Арцыбіскуп Майкл Банак, Апостальскі нунцый у Венгрыі Арцыбіскуп Майкл Банак, Апостальскі нунцый у Венгрыі 

Нунцый у Будапешце: хрысціянства ў сэрцы венгерскага народа

Венгерскія католікі ганарацца сваёй гісторыяй і тоеснасцю: яны гасцінныя, уважлівыя да праблем бежанцаў і аховы навакольнага асяроддзя, - падкрэсліў арцыбіскуп Майкл Банак, Апостальскі нунцый у Венгрыі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Другому візіту Францішка ў Венгрыю папярэднічалі два візіты ў гэту краіну святога Ян Паўла ІІ і многія мясцовыя католікі ў гонарам кажуць пра магчымасць двойчы прымаць гэтых Папаў, - заўважыў у інтэрв’ю Vatican News ватыканскі дыпламат.

Арцыбіскуп Банак падкрэсліў, што за апошнія 30 гадоў краіна вельмі змянілася. Ян Павел ІІ наведваў яе адразу пасля падзення берлінскай сцяны, у час вялікага энтузіязму і адкрыцця новай свабоды, за якім ішоў таксама нялёгкі перыяд ператварэнняў. Францішак прыбудзе ў іншую Венгрыю – больш развітую, дзякуючы эканамічным рэформам. “Тым менш ёсць адна канстанта: яго будзе прымаць супольнасць, якая ганарыцца тым, што з’яўляецца каталіцкай і знаходзіцца ў адзінстве з Папам”, - дадаў нунцый.

Гаворачы пра ўплыў вайны ва Украіне на Касцёл у Венгрыі дыпламат звярнуў увагу на гасціннасць, якую мясцовыя католікі праявілі да бежанцаў. Ён распавёў, што з самых першых дзён вайны валанцёры Caritas і розных каталіцкіх дыяцэзій прысутнічалі на мяжы з Украінай, імкнучыся забяспечыць людзей у нястачы ўсім неабходным.

“Бачыць усё гэта было вельмі прыемна, але мы не павінны здзіўляцца, бо гэта традыцыя Касцёла ў Венгрыі. Я думаю пра святую Альжбету Венгерскую, вялікую святую міласэрнасці. Гасціннасць і міласэрнасць знаходзяцца ў сэрцах венграў”, - сказаў прадстаўнік Папы.

Арцыбіскуп Банак распавёў, што гісторыя адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Венгрыяй сягае да перыяду першага венгерскага караля, святога Стэфана, які прыняў хрысціянства. “Ён прысвяціў дзяржаву Панне Марыі, запрашаючы насельніцтва называць Яе Magna Domina – Вялікая Панна. Ужо з таго моманту хрысціянскія паняцці і ментальнасць увайшлі ў кроў венгерскага народа, а таксама ў прававыя дакументы, уключаючы розныя канстытуцыі”, - лічыць дыпламат.

Нунцый згадаў таксама пра свайго папярэдніка, арцыбіскупа Анджэла Роту, які быў папскім прадстаўніком у Венгрыі з 1930 па 1945 год. “Падчас сусветнай вайны ён зрабіў вельмі шмат, каб ратаваць яўрэяў і быў прызнаны Праведнікам народаў свету. Памяць пра яго яшчэ жывая і гэта яшчэ адна сувязь паміж Святым Пасадам і Венгрыяй. У больш блізкія да нас часы, пасля аднаўлення дыпламатычных стасункаў, вылучаюцца два візіты Яна Паўла ІІ і цяперашняе Апостальскае падарожжа Францішка – падзеі, якія сведчаць пра існаванне добрых дыпламатычных адносін”, - дадаў ён.

Арцыбіскуп Банак падкрэсліў цікавасць да экалагічнага вучэння Францішка ў грамадстве і Касцёле ў Венгрыі. У мясцовых каталіцкіх школах вывучаецца яго энцыкліка Laudato si’, - падзяліўся папскі дыпламат, прызнаючыся, што не сустракаў такой увагі ў іншых месцах. “Безумоўна, праблемы ёсць, але відавочна таксама наколькі сур’ёзна ставяцца жыхары і палітычныя прадстаўнікі да пытання аховы навакольнага асяроддзя. Тое ж робіць і Касцёл”, - сказаў прадстаўнік Святога Айца.
 

27 красавіка 2023, 09:44