Пошук

Дым ад палаючага самалёта ў аэрапорце Хартума падчас сутыкненняў паміж урадавай арміяй і ваенізаванымі фарміраваннямі Дым ад палаючага самалёта ў аэрапорце Хартума падчас сутыкненняў паміж урадавай арміяй і ваенізаванымі фарміраваннямі   (faiz)

Нунцый у Судане: сітуацыя сур'ёзная, ідуць моцныя баі

Апостальскі нунцый у Судане занепакоены "рызыкоўным і сур'ёзным" становішчам, якое склалася ў краіне. Баі ў Хартуме ідуць вельмі блізка да нунцыятуры, куды падчас нядзельнай Імшы 16 красавіка 2023 года ўварваліся групы салдат.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У апошнія дні абвастрыліся сутыкненні паміж урадавай арміяй і ваенізаванымі фарміраваннямі ў Судане. Колькасць параненых сярод грамадзянскіх асоб і вайскоўцаў дасягнула 942 чалавек.

17 красавіка ў тэлефонным інтэрв'ю для ватыканскіх СМІ апостальскі нунцый мансеньёр Луіс Мігель Муньяс Кардаба паведаміў: "Сёння трэці дзень баёў, фактычна ідзе вайна паміж вайскоўцамі ўзброеных сіл і ваенізаванымі фарміраваннямі. Некалькі дзён і тыдняў напружанасці, на жаль, фактычна выліліся ў вайну. Сітуацыя цяжкая, сур'ёзная, з баямі ў сталіцы і ў іншых гарадах краіны. Ідуць моцныя, цяжкія баі, з артылерыяй, самалётамі... Мы знаходзімся ў трывожнай сітуацыі, небяспечнай для жыцця, асабліва мірных жыхароў. Людзі зачыненыя ў сваіх дамах, не могуць выйсці, не могуць пайсці на рынкі, бо гэта сапраўды рызыкоўна".

Побач з нунцыятурай, размешчанай на поўначы сталіцы, у традыцыйна "спакойнай і ціхай" мясцовасці, "на жаль, учора раніцай сітуацыя была вельмі сур'ёзнай", - патлумачыў нунцый. "Баі ішлі вельмі блізка. Тры групы салдат увайшлі ў нунцыятуру падчас Імшы, магчыма, яны хацелі скарыстацца садам нунцыятуры як месцам для барацьбы з ворагамі. Але, дзякуй Богу, праз паўгадзіны яны сышлі без здарэнняў. Кулі лётаюць тут так жа, як па ўсім горадзе".

Услед за пасланнем, з якім Папа звярнуўся да суданцаў 16 красавіка 2023 года пасля малітвы Уладарка неба, нунцый таксама заклікаў удзельнікаў вайны “спыніць баявыя дзеянні і знайсці рашэнні для дыялогу і міру”. Гэты заклік падзяляюць многія іншыя групы, краіны, міжнародныя арганізацыі, якія спрабуюць пасрэднічаць і спыніць напружанасць, - падкрэсліў дыпламат.

"Сутыкненні могуць сарваць магчымасць дасягнення палітычнага пагаднення паміж рознымі партыямі, узброенымі групамі, грамадзянскай супольнасцю. Была надзея. На пачатак красавіка было запланавана падпісанне пагаднення аб дэмакратычным пераходзе ўлады, а таксама фарміраванне новага грамадзянскага ўрада. Але, на жаль, цяпер існуе рызыка, што гэта можа не адбыцца, і што канфлікт можа расцягнуцца і справакаваць, не дай Бог, грамадзянскую вайну", - адзначыў апостальскі нунцый у Судане.

18 красавіка 2023, 11:26