Pacem in terris: актуальная і незаўважаная энцыкліка
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Усё больш распаўсюджваецца сярод людзей перакананне, што магчымыя спрэчкі паміж народамі трэба вырашаць не з дапамогай зброі, а шляхам перамоваў”, - нагадаў Андрэа Тарніелі словы святога Папы, абнародаваныя шэсцьдзесят гадоў таму, калі ён ужо знаходзіўся на парозе смерці. Яго энцыкліка аб міры далучылася да першых крокаў, якія рабіліся на шляху да раззбраення і разрадкі. Па сутнасці, завяршалася эпоха дактрыны “справядлівай вайны”, і Пантыфік з вялікім рэалізмам папярэджваў пра небяспеку новай і магутнай ядзернай зброі.
“Праз шэсцьдзесят гадоў гэты тэкст усё яшчэ актуальны і, на жаль, ігнаруецца. Упэўненасць у разбуральных наступствах магчымай атамнай вайны не выглядае сёння такой актуальнай, як у красавіку 1963 года: свет скалынаюць дзясяткі забытых канфліктаў, а страшная вайна, якая пачалася з агрэсіі Расіі супраць Украіны, адбываецца ў самым цэнтры хрысціянскай Еўропы”, - зазначыў ватыканскі эксперт.
Тарніелі з жалем канстатаваў, што культура ненасілля распаўсюджваецца з цяжкасцю, у той час як слова “перамовы” многім здаюцца блюзнерствам. Нават умацаванне сусветнай палітычнай структуры, здольнай спрыяць мірнаму вырашэнню міжнародных спрэчак, саступіла месца скепсісу. Дыпламатыя выглядае бязгучнай, вайна і шалёная гонка ўзбраенняў лічацца непазбежнымі, - напісаў ён.
“І ўсё ж, нягледзячы на гэту змрочную карціну, прынцыпы, пералічаныя папам Ранкалі ў Pacem in terris, не толькі грукаюць да сумлення, але кожны дзень прымяняюцца на практыцы тымі, хто не скараецца перад непазбежнасцю нянавісці, насілля, хітрасці, вайны. Пра іх сведчаць тыя “рамеснікі міру”, якія сёння выконваюць свае місіі ва Украіне і ў многіх іншых частках свету, часта падвяргаючы сваё жыццё рызыцы. Пра іх сведчаць усе, хто сур’ёзна ставіцца да слоў, якія папа Францішак прамовіў у нунцыятуры Кіншасы падчас сустрэчы з ахвярамі невымоўнага насілля: “Каб сапраўды сказаць “не” насіллю, недастаткова пазбягаць гвалтоўных дзеянняў; мы павінны выкараніць карані гвалту: я маю на ўвазе прагнасць, зайздрасць і, перш за ўсё, злосць”. Мы павінны мець “мужнасць абяззброіць сэрца”, - завяршыў сваё разважанне галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.