Пошук

Пасол Венгрыі пры Святым Пасадзе Эдуард Габсбург-Латарынгскі Пасол Венгрыі пры Святым Пасадзе Эдуард Габсбург-Латарынгскі 

Пасол Венгрыі: візіт Папы распаліць агонь веры

У інтэрв'ю ватыканскім СМІ пасол Венгрыі пры Святым Пасадзе распавёў пра падрыхтоўку да трохдзённага апостальскага падарожжа Францішка, якое адбудзецца 28-30 красавіка 2023 года.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У верасні 2021 года Святы Айцец ужо пабываў у Будапешце, дзе прыняў удзел у закрыцці Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса, пасля чаго паляцеў у Славакію, паабяцаўшы ў будучыні здзейсніць паўнавартаснае падарожжа ў Венгрыю. Па словах Эдуарда Габсбурга-Латарынгскага, нават гэты папярэдні сямігадзінны візіт “узмацніў венграў у веры, пакінуўшы след у штодзённым жыцці”, на гэты ж раз Папа “будзе мець яшчэ больш часу”.

Адказваючы на пытанне аб тым, якой краінай з пункту гледжання веры з'яўляецца Венгрыя, дыпламат адзначыў, што Венгрыя не баіцца называць сябе хрысціянскай краінай, не баіцца дэманстраваць рэлігію і веравызнанне ў грамадскай сферы. “У нас ёсць выразны падзел паміж Касцёлам і дзяржавай, гэта нармальная з'ява ў нашы дні, але Касцёл і дзяржава супрацоўнічаюць. (…) Я б сказаў, што вера з'яўляецца чымсьці нармальным, як у паўсядзённым жыцці, так і ў венгерскай палітыцы", - адзначыў дыпламат, выказаўшы перакананасць у тым, што Папа пабачыць "вельмі хрысціянскую краіну".

Апостальскае падарожжа ў Венгрыю пройдзе пад дэвізам Хрыстус – наша будучыня, а яе лагатып з будапешцкім мостам нагадае пра важнасць будаўніцтва мастоў, якую неаднаразова падкрэсліваў Францішак.

Адказваючы на пытанне пра тое, якія масты ў Еўропе і ў свеце можа дапамагчы пабудаваць Венгрыя, Эдуард Габсбург-Латарынгскі адзначыў, што “у цяперашні час самым важным мостам, які будуе Венгрыя, з'яўляецца мост міру. Венгрыя мае моцнае жаданне дзейнічаць на карысць міру ў жахлівай сітуацыі ва Украіне”. Акрамя таго, Венгрыя бачыць сябе будаўніком мастоў у краіны, дзе хрысціяне знаходзяцца ў цяжкім становішчы і падвяргаюцца пераследу, асабліва на Блізкім Усходзе, у Нігерыі, краінах Афрыкі, Пакістане. Нарэшце, як цэнтральнаеўрапейская краіна, Венгрыя можа стаць мостам паміж Усходам і Захадам Еўропы, “таму што нашы вушы заўсёды накіраваны ў абодвух напрамках”, - заўважыў пасол.

У праграме Папскага падарожжа запланавана наведванне ўстановы для сляпых дзяцей. На пытанне, чаму быў зроблены такі выбар, дыпламат адказаў: “Я бачу тры прычыны. Першая прычына ў тым, што Венгрыя вельмі прыхільная сям'і і дзецям. Па-другое, у гэтай установе ёсць і цыганскія дзеці, і гэта дазволіць прадэманстраваць роўныя магчымасці, якія мы спрабуем прапанаваць. І трэцяя прычына ў тым, што цэнтральная тэма візіту – гэта моладзь”.

Акрамя таго, у праграме падарожжа запланавана сустрэча з беднымі і бежанцамі, сярод якіх будуць і ўкраінскія ўцекачы. Выбар месца правядзення сустрэчы не выпадковы: яна адбудзецца ў касцёле святой Лізаветы Венгерскай, якая служыла бедным.

Пасол Венгрыі пры Святым Пасадзе падзяліўся думкамі на гэты конт: "Папа сустрэнецца там з беднымі, маргіналізаванымі, з прадстаўнікамі касцёльных і рэлігійных арганізацый і службаў дапамогі, а таксама з вялікай групай бежанцаў з Украіны”, – распавёў дыпламат, адзначыўшы, што Венгрыя прыняла каля мільёна ўкраінскіх бежанцаў, з якіх па меншай меры 30 тысяч вырашылі застацца. Паводле яго слоў, дзеці атрымалі магчымасць наведваць школу, а дарослыя – працаўладкавацца. "Мы заахвочваем прадпрымальнікаў працаваць з гэтымі ўцекачамі", - адзначыў ён, нагадаўшы, што на мяжы паміж Венгрыяй і Украінай знаходзяцца службы дапамогі, якія прымаюць бежанцаў і дапамагаюць ім вырашаць, ці хочуць яны ехаць далей або застацца ў Венгрыі. "Такім чынам, Папа ўбачыць частку гэтай рэальнасці, калі наведае касцёл святой Лізаветы ў суботу раніцай", - дадаў Эдуард Габсбург.

Адказваючы на пытанне пра чаканні да візіту Францішка, дыпламат сказаў: "Няхай Папа зноў распаліць агонь веры ў Венгрыі. Я думаю, што сустрэча са Святым Айцом стане для нас вельмі моцным досведам. Гэта ў першую чаргу. Але я спадзяюся таксама, што і Папа зможа па-сапраўднаму сустрэцца з Венгрыяй, з усёй яе душой, з яе ежай... Асабіста я спадзяюся, што ён паспее выпіць добрую шклянку такайскага віна. (…) Акрамя таго, я, канешне, спадзяюся, што Папа і нашы лідэры знойдуць час, каб абмеркаваць тыя многія, вельмі блізкія нам тэмы, і, магчыма, мы зможам зрабіць нешта разам”, - сказаў пасол Венгрыі пры Святым Пасадзе.

10 красавіка 2023, 13:48