Пошук

Будысцкі манах падчас святкавання Весак Будысцкі манах падчас святкавання Весак 

Святы Пасад будыстам: разам залечым раны чалавецтва і Зямлі

Будысты і хрысціяне: вылечыць раны чалавецтва і Зямлі з дапамогай каруны і агапэ – так гучыць тэма ватыканскага паслання да вызнаўцаў будызму з нагоды свята Весак, якое сёлета будзе адзначацца 5 мая.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Глабальныя праблемы чалавецтва немагчыма вырашыць у адзіночку, - падкрэсліваецца ў віншавальным лісце, падпісаным кардыналам Анхелем Аюса Гішотам, прэфектам Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу, і арцыбіскупам Індунілам Джанакаратнэ Кодзітуваку Канканамалаге, сакратаром гэтага ватыканскага ведамства.

“Раны, ад якіх пакутуе свет – шматлікія: беднасць, дыскрымінацыя і насілле; абыякавасць да бедных, нявольніцтва, народжанае мадэлямі развіцця, якія не шануюць чалавека і прыроду; нянавісць, выкліканая і ўмацаваная рэлігійным і нацыяналістычным экстрэмізмам; а ў першую чаргу – абыякавасць да жыцця, якая выражаецца ў розных формах трывогі і залежнасцей”, - гаворыцца ў пасланні.

Іерархі Апостальскай Сталіцы зазначылі, што перад абліччам шматлікіх сацыяльных праблем неабходны новыя формы салідарнасці, натхнёныя рэлігійнымі традыцыямі, бо менавіта яны могуць даць сродкі, “здольныя вылечыць нашы цяжкія раны, а таксама раны нашых сем’яў, нашых народаў і нашай планеты”.

У пасланні звяртаецца ўвага на актуальнасць будысцкай катэгорыі каруна, якая прадугледжвае спачуванне да людзей і бескарыслівасць, і хрысціянскай агапэ – бескарыслівай любові, “вялікай спадчыны, пакінутай Езусам сваім вучням”, цудоўны прыклад рэалізацыі якой можна ўбачыць у прыпавесці пра Добрага Самараніна.

Ватыканскія іерархі згадалі пра словы Папы Францішка, які заклікае служыць іншым людзям са спагадай, канкрэтным чынам, а не абстрактным, з любоўю, якая з’яўляецца “ласкай, шчодрасцю, жаданнем блізкасці, і не баіцца прынесці сябе ў дар і ахвяравацца дзеля ўмілаваных стварэнняў”. Яны нагадалі таксама пра вучэнне Буды, які заклікае занурацца ў спагадлівасць, каб пакінуць усялякую жорсткасць.

“Давайце будзем імкнуцца жыць з большай любоўю і спачуваннем і працаваць разам, каб пабудаваць больш справядлівы, мірны і адзіны свет”, - гаворыцца ў пасланні кіраўніцтва Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу да вызнаўцаў будызму.

 

21 красавіка 2023, 12:00