Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад скіраваў некаторыя заўвагі да епіскапату Германіі

Свецкія не могуць рэгулярна прамаўляць гаміліі падчас святых Імшаў ці ўдзяляць сакрамэнт хросту, - сцвердзіў прэфект Дыкастэрыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў у пасланні да старшыні епіскапату Германіі біскупа Георга Бэтцынга.

Ян Глінскі

Кардынал Артур Рошэ падкрэсліў, што “недапушчальна, каб у свядомасці хрысціянскай супольнасці даходзіла да непаразуменняў адносна формы і тоеснасці святара – адзінага, хто можа дзейнічаць in persona Christi capitis на сакрамэнтальнай ніве”.

Прэфект дыкастэрыі нагадаў, што праз моц пасвячэння святар прадстаўляе Хрыста: “Гэта не пытанне няроўнасці паміж ахрышчанымі, а прызнанне таго, што існуюць адрозненні, учыненыя Духам Святым: Ён стварае розныя харызмы, якія адрозніваюцца і дапаўняюць адна адну”.

Іерарх таксама дадаў, што “выключнасць” прамаўлення гаміліі падчас цэлебрацыі ўсіх сакрамэнтаў “трэба разумець на сакрамэнтальным узроўні, а не толькі функцыянальным”, бо гэта “дзеянне, структурна і непарыўна звязанае з дзеяннем сакрамэнтальным, за якое, заўсёды на моцы сакрамэнту пасвячэння адказвае распарадчык, які атрымаў пасвячэнне”.

Кардынал Рошэ нагадаў, што добра адукаваныя свецкія павінны ўносіць свой уклад у межах катэхезы ці ў размовах пра Святое Пісанне, а не праз цэлебрацыю святой Імшы, “як гэта ўжо адбываецца ў розных месцах”.

Прэфект Дыкастэрыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў выразна адмаўляе таксама прызначэнне свецкіх у некаторых нямецкіх дыяцэзіях сталымі распарадчыкамі хросту. Паводле кананічнага права, гэта немагчыма апраўдаць, напрыклад, недахопам святароў. Іерарх нагадаў, што толькі ў выключных абставінах свецкія могуць удзяляць хрост: небяспека смерці або “ў балючых сітуацыях пераследаў, а таксама на місійных тэрыторыях і ў іншых выпадках асаблівай неабходнасці”. У нямецкіх дыяцэзіях такіх сітуацый няма. “Таму не існуе зацверджанага нямецкамоўнага абраду цэлебрацыі хросту надзвычайным распарадчыкам”, - патлумачыў кардынал Артур Рошэ.
 

01 красавіка 2023, 07:37