Пошук

Сцяг ААН Сцяг ААН  (©Negro Elkha - stock.adobe.com)

Святы Пасад у ААН пра годнасць, уласцівую кожнаму чалавеку

Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН прыняў удзел у пасяджэннях, якія прайшлі ў Нью-Ёрку 17-20 красавіка 2023 года. Яго заявы тычыліся пытанняў карэнных народаў, а таксама фінансавання дзейнасці, накіраванай на развіццё.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Выступаючы 18 красавіка 2023 года на 22-й сесіі Пастаяннага форуму ААН па пытаннях карэнных народаў, арцыбіскупа Габрыэле Кача выказаў некаторыя меркаванні аб ролі карэннага насельніцтва ў галіне аховы здароўя і навакольнага асяроддзя.

Ватыканскі дыпламат нагадаў пра зварот Францішка да ўрадаў краін з просьбай “прызнаць карэнныя народы з іх культурай, мовамі, традыцыямі і духоўнасцю, а таксама паважаць іх годнасць і правы". Карэнныя народы валодаюць унікальным досведам у галіне аховы здароўя і навакольнага асяроддзя, такім чынам, уяўляюць сабой незаменны рэсурс для ўсяго чалавецтва, - адзначыў іерарх.

Прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў неабходнасць уліку культурных асаблівасцяў карэнных народаў. “Навязванне мадэлі аховы здароўя ігнаруе годнасць і правы карэнных народаў і рызыкуе ператварыцца ў форму ідэалагічнай каланізацыі”, - зазначыў ён, дадаючы, што, акрамя таго, “урады павінны ліквідаваць культурныя, эканамічныя, моўныя і інфармацыйныя бар'еры для забеспячэння доступу да якаснага медыцынскага абслугоўвання”.

Па словах ватыканскага дыпламата, карэнныя народы могуць дапамагчы ў барацьбе з наступствамі змены клімату і павысіць устойлівасць экасістэм, абапіраючыся на свае традыцыйныя веды і практыку. “Такім чынам, беражлівае стаўленне да іх культурнай спадчыны і традыцыйных ведаў спрыяе лепшаму кіраванню навакольным асяроддзем”, - лічыць ён.

Землі карэнных народаў складаюць каля 20 адсоткаў сушы і змяшчаюць каля 80 адсоткаў біяразнастайнасці, таму любыя намаганні па захаванні біяразнастайнасці павінны ажыццяўляцца з улікам правоў карэнных народаў, - падкрэсліў прадстаўнік Святога Пасада.

Фінансаванне дзейнасці, накіраванай на развіццё

Па словах арцыбіскупа Кача, у свеце захоўваецца вялікая патрэба ў “сапраўднай глабальнай салідарнасці” з бяднейшым. Мільёны людзей па-ранейшаму жывуць у беднасці, 356 мільёнаў чалавек апынуліся ў крайняй галечы ў выніку пандэміі COVID-19. Беднасць, голад, адсутнасць бяспечнай пітной вады і санітарыі “з'яўляюцца абразай чалавечай годнасці”. Гэтыя выклікі патрабуюць тэрміновых дзеянняў, заснаваных на этычных прынцыпах салідарнасці, павагі да годнасці, уласцівай кожнаму чалавеку, і спрыяння ўсеагульнаму дабру, - адзначыў дыпламат.

Неабходна мабілізаваць усе магчымыя фінансавыя рэсурсы для задавальнення асноўных патрэб і ўсебаковага ўстойлівага развіцця ўсіх жанчын, мужчын і дзяцей. Міжнародная супольнасць павінна рухацца ў напрамку “скасавання запазычанасці найбольш уразлівых краін”, каб даць ім магчымасць накіраваць інвестыцыі ў адукацыю, ахову здароўя, жыллё і стварэнне працоўных месцаў. Гэта дазволіць мільёнам людзей пазбегнуць галечы і рэалізаваць свой патэнцыял.

Пры гэтым кожная краіна павінна мець магчымасць расці і развівацца па-свойму, з павагай да каштоўнасцяў уласнай культуры. У сувязі з гэтым, міжнародная дапамога ніколі не павінна выкарыстоўвацца для ідэалагічнай каланізацыі, - папярэдзіў арцыбіскуп Кача, дадаючы, што канчатковым крытэрыем ацэнкі міжнароднай дапамогі з'яўляецца павага да годнасці, уласцівай кожнаму чалавеку, пры адначасовым спрыянні агульнаму дабру.

19 красавіка 2023, 12:42