Пошук

У Ватыкане прайшла прэзентацыя Школы мастацтваў і рамёстваў

Студэнты новай ватыканскай Школы мастацтваў і рамёстваў атрымаюць тэарэтычныя і практычныя веды, а таксама духоўныя і матэрыяльныя навыкі, якія на працягу стагоддзяў перадаваліся з пакалення ў пакаленне майстрамі Фабрыкі святога Пятра.

Марыя Валодзіна - Vatican News

"Каштоўная спадчына адносін, сустрэч, ведаў – гэта адукацыйны скарб, які трэба захоўваць і развіваць", - адзначыў кардынал Маўра Гамбэці, архіпрэзбітэр базылікі Святога Пятра і кіраўнік ватыканскага фонду Fratelli tutti, на прэзентацыі Школы мастацтваў і рамёстваў, якая адбылася ўвечары 19 красавіка 2023 года ў атрыуме ватыканскай базылікі.

Прэзентацыя Школы мастацтваў і рамёстваў
Прэзентацыя Школы мастацтваў і рамёстваў

Заняткі ў школе распачаліся ў студзені 2023 года. Лекцыі, семінары, экскурсіі і практыкаванні прапануюцца навучэнцам бясплатна. У школе выкладаюць супрацоўнікі Фабрыкі святога Пятра, выкладчыкі італьянскіх і замежных універсітэтаў, а таксама дасведчаныя майстры.

“За гэтыя месяцы, - заўважыў кардынал Гамбэці, - паўстала адукацыйная супольнасць, якая складаецца з сустрэч і адносін”. Фундаментальную ролю адыгрываюць зносіны паміж пакаленнямі. Гэта тэма блізкая Францішку, які настойвае на "неабходнасці дыялогу паміж рознымі ўзростамі і ведамі, таму што, калі розныя душы ўступаюць у камунікацыю, супольнасць расце", - падкрэсліў іерарх.

Кардынал Гамбэці нагадаў пра важнасць "інтэгральнага вымярэння адукацыі, здольнага аб'ядноўваць абстрактныя і практычныя веды". Паводле яго, існуе глыбокая повязь паміж "духоўным ростам і прафесійнымі дасягненнямі", а Школа мастацтваў і рамёстваў якраз і з'яўляецца месцам духоўнага росту, які адбываецца праз назіранне прыгажосці і дыялог".

Ручная праца ў Школе мастацтваў і рамёстваў
Ручная праца ў Школе мастацтваў і рамёстваў

Тэме ўстойлівага развіцця была прысвечана lectio magistralis архітэктара Марыё Кучынэлы. "Жыццёва важна, - зазначыў ён, - каб існавалі школы, якія перадаюць веды праз ручную працу, вучаць карыстацца старажытнымі і новымі матэрыяламі, новымі тэхнікамі, якія можна выкарыстоўваць у рамёствах, каб гэтыя веды распаўсюджваліся ў часе і прасторы, забяспечваючы пераемнасць паміж мінулым, сучаснасцю і будучыняй".

"На працягу стагоддзяў ручная праца дапамагала перадаваць культуру і веды, нараджала думкі, надаючы ім форму, будавала новае, клапацілася аб нашай культурнай спадчыне. Рукі майстроў аднаўлялі пашкоджаныя рэчы, падаўжаючы ім жыццё, захоўвалі гісторыю для нас і для будучыні", - адзначыў лектар.

Заняткі ў Школе мастацтваў і рамёстваў
Заняткі ў Школе мастацтваў і рамёстваў

Менавіта зварот да старажытных рамёстваў і навыкаў ручной працы, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, ляжыць у цэнтры адукацыйнай дзейнасці Школы мастацтваў і рамёстваў. Дваццаць студэнтаў з Беларусі, Германіі, Італіі і Перу навучаюцца на курсах каменачосаў і спецыялістаў па апрацоўцы мармуру, дэкаратараў і цесляроў. У кастрычніку 2023 года да ўжо існуючых спецыяльнасцей плануецца дадаць таксама курсы кавалёў і спецыялістаў па мазаіцы. Інфармацыю пра адбор студэнтаў на наступны навучальны год можна атрымаць па адрасе: scuola.artiemestieri@fsp.va

Студэнты Школы мастацтваў і рамёстваў
Студэнты Школы мастацтваў і рамёстваў

Міністр культуры Італіі Джэнара Санджуліана таксама падкрэсліў глыбокую сувязь паміж інтэлектуальнай дзейнасцю і ручной працай. "Выкананне ручной працы прадугледжвае інтэлектуальную дзейнасць. Праца – гэта не проста заробак, - адзначыў ён, - але праекцыя нашай асобы. Паміж працай і годнасцю існуе глыбокая сувязь”.

Навуковы кіраўнік школы, прафесар Ассунта Дзі Сантэ, распавяла пра гісторыю Школы мастацтваў і рамёстваў, якая ўзнікла ў XVIII стагоддзі з мэтай бясплатнага навучання маладых работнікаў Фабрыкі святога Пятра. "Сёння, праз 250 гадоў, традыцыя аднаўляецца. Фабрыка зноў вырашала інвеставаць у навучанне моладзі".

Студэнт Школы мастацтваў і рамёстваў
Студэнт Школы мастацтваў і рамёстваў

Дырэктар школы, ксёндз Франчэска Акета, выказаў задавальненне першымі месяцамі навучання: "Мы інвестуем у рукі, розум і сэрца, - сказаў святар. - Студэнты атрымліваюць веды, якія ў адваротным выпадку рызыкавалі б быць страчанымі. Мы прапануем цэласнае, усебаковае развіццё. Акрамя перадачы практычных ведаў, мы клапоцімся аб росце вучняў на асабістым і супольным узроўнях".

 

21 красавіка 2023, 10:37