Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Вялікая пятніца ў Ватыкане: абвяшчаем смерць Тваю, Пане

Смерць Езуса на Галгоце вядзе да апафеозу жыцця, - нагадаў кардынал Раньера Канталамеса падчас літургіі Мукі Пана, якая 7 красавіка 2023 года прайшла ў базыліцы святога Пятра.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Прапаведнік Папскага дома ў сваім казанні нагадаў, што збаўчай смерці Божага Сына на крыжы, якую ўжо на працягу двух тысячагоддзяў абвяшчае Касцёл, секулярызаваны заходні свет супрацьпаставіў ідэалагічную, а не гістарычныю “смерць Бога”, абвешчаную Ніцшэ: месца Бога, згодна яго логіцы, заняў сам чалавек, дакладней “звышчалавек”, які існуе дзеля смерці і прагне ўсемагутнасці.

Ідэі Ніцшэ сталі новай модай, яны прасякнулі інтэлектуальныя асяродкі “постмадэрнісцкага” Захаду і паўплывалі на пашырэнне рэлятывізму ў розных сферах: этыкі, мовы, філасофіі, мастацтва і рэлігіі. На змену меланхоліі эпохі рамантызму, прыйшоў нігілізм.

Іерарх падкрэсліў, што заданне вернікаў заключаецца ў тым, каб паказваць, што стаіць за гэтымі ідэямі. Ён падкрэсліў, што ў “чалавечай драмы” быў “пралог на нябёсах” – у тым жа “духу адмаўлення”, які не прыняў жыцця ў ласцы іншага. З таго часу гэты дух працягвае рэкрутаваць прыхільнікаў, першымі з якіх былі наіўныя Адам і Ева, што паверылі яго словам: “Будзеце, як Бог, які ведае дабро і зло” (Быц 3,5).

Кардынал Канталамеса зазначыў, што, ведаючы чалавечую пыху, Бог выйшаў нам насустрач, прынізіўшыся на нашых вачах, стаўшы паслухмяным да смерці і да смерці крыжовай. Езус памёр за нашыя грахі і за грахі людзей усяго свету, але Яго ўваскрасенне запэўнівае нас, што смерць на Галгоце не вядзе да паразы, але, праз наша пакаянне, вядзе да таго “апафеозу жыцця”, якога марна шукаюць у іншых месцах, - сказаў іерарх.

Кардынал Канталамеса заўважыў, што Касцёл моліцца аб навяртанні атэістаў, асабліва ў Вялікую пятніцу, але вернікі павінны і самі сцерагчыся зацягвання ўсярэдзіну “віру нігілізму”, якая з'яўляецца сапраўднай “чорныя дзіркай” духоўнага сусвету. Напрыканцы казання ён заклікаў удзельнікаў літургіі “паўтараць з кранальнай удзячнасцю і больш упэўнена, чым калі-небудзь, словы, якія хрысціянская супольнасць прамаўляе на кожнай святой Імшы: “Абвяшчаем смерць Тваю, Пане Езу, вызнаём Тваё ўваскрасенне і чакаем Твайго прыйсця ў хвале”.

07 красавіка 2023, 18:03