Пошук

Члены Папскай камісіі па абароне непаўналетніх на сустрэчы з Францішкам 5 мая 2023 года Члены Папскай камісіі па абароне непаўналетніх на сустрэчы з Францішкам 5 мая 2023 года  (Vatican Media)

Абарона непаўналетніх: новыя стратэгіі і фонд дапамогі ахвярам

Завяршылася пленарнае пасяджэнне Папскай камісіі па абароне непаўналетніх, якое праходзіла ў Ватыкане 3-6 мая 2023 года. Быў прыняты шэраг рашэнняў, апублікаваных 8 мая ў выніковым паведамленні.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У выніку пасяджэння Камісіі, якую ўзначальвае кардынал Шон Патрык О'Мэлі, былі абноўлены кіруючыя прынцыпы веравучэння, заключаны пагадненні па прадухіленні сэксуальнага гвалту непаўналетніх і аказанні дапамогі пацярпелым ад гэтага жудаснага злачынства, а таксама ўзмоцнена прыхільнасць да барацьбы з педафіліяй у Інтэрнэце.

У прыватнасці, удзельнікі пасяджэння абнавілі кіруючыя прынцыпы веравучэння, якія тагачасная Кангрэгацыя веравучэння ўпершыню выдала ў 2011 годзе. Распрацаваная камісіяй "новая універсальная структура" кіруючых прынцыпаў будзе перададзена на разгляд касцёльным уладам, аб'яднанням пацярпелых і зацікаўленым бакам, каб сабраць іх каментары перад канчатковым зацвярджэннем, запланаваным на гэты год.

Адказваючы на заклік Францішка змагацца з няроўнасцю ўнутры Касцёла, камісія стварыла спецыяльны фонд, які складаецца з узносаў біскупскіх канферэнцый. Яго мэта ў тым, каб забяспечыць навучальныя праграмы развіцця патэнцыялу для ахвяр, іх сем'яў і супольнасцяў у самых бедных кутках свету. Зацверджаны адпаведныя пратаколы аб фінансавых выплатах і заключана пагадненне з Касцёлам Руанды аб фінансаванні пілотнай праграмы.

Акрамя таго, было заключана пагадненне аб партнёрстве з амерыканскім фондам GHR, які прадаставіць рэгіянальных кансультантаў, дасведчаных у галіне бяспекі непаўналетніх. Яшчэ адно пагадненне аб супрацоўніцтве было падпісана 21 красавіка 2023 года з Дыкастэрыяй па евангелізацыі з мэтай правядзення "паглыбленага даследавання на тэму ўразлівасці ў яе розных формах".

На просьбу Святога Айца, камісія перагледзела крытэрыі штогадовай справаздачы аб палітыцы і працэдурах абароны непаўналетніх у Касцёле. План - гаворыцца ў паведамленні камісіі, - выкарыстоўвае метадалогію, арыентаваную на чалавека, на тое, каб разглядаць патрэбы пацярпелых ад сэксуальнага гвалту як прыярытэтныя і даваць Святому Айцу прапановы па ліквідацыі прабелаў.

Акрамя таго, удзельнікі абмеркавалі, якім чынам аператыўна рэагаваць на просьбу Францішка змагацца з бедствам жорсткага абыходжання з дзецьмі ў Інтэрнэце, а таксама зацвердзілі пяцігадовы стратэгічны план, які вызначае мэты, задачы і паказчыкі эфектыўнасці для вымярэння прагрэсу у галіне барацьбы з сэксуальнымі злоўжываннямі.

09 мая 2023, 13:00