Пошук

Арцыбіскуп Рына Фізікела побач з лагатыпам Юілейнага года Арцыбіскуп Рына Фізікела побач з лагатыпам Юілейнага года  (Vatican Media)

Афіцыйны партал і мабільны дадатак Юбілею прадставілі ў Ватыкане

З 10 мая 2023 года пачне працаваць афіцыйны партал Юбілею 2025 года. На 9 мовах ён будзе інфармаваць пра ініцыятывы ў рамках глабальнай касцёльнай падзеі. Прэзентацыя інтэрнэт-рэсурсу адбылася на прэс-канферэнцыі ў Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арганізатары назвалі новы сайт акном у Юбілей, якое лёгка зможа адкрыць кожны: дзеці, моладзь і дарослыя. Навіны будуць абнаўляцца штодня.

Тут таксама змешчана прапанова арганізацыі ўласнай пілігрымкі па Рыме, прычым гаворка ідзе пра тры магчымасці: традыцыйную пілігрымку святога Філіпа Нэры з сямю храмамі; пілігрымку па касцёлах, прысвечаных жанчынам, абвешчаным Доктарамі Касцёла і апякункамі Еўропы; Iter Europaeum – пілігрымку да 28 рымскіх храмаў, звязаных з 27 еўрапейскімі краінамі, плюс касцёл, які прадставіць Еўрапейскі Саюз.

У верасні запусцяць інтэрнэт-партал для пілігрымаў. Пасля рэгістрацыі на ім зацікаўленыя змогуць атрымаць Карту пілігрыма ў лічбавай версіі з асабістым QR-кодам, неабходным для ўваходу на юбілейныя мерапрыемствы і арганізацыі пілігрымкі да Святой Брамы.

Карта пілігрыма будзе выконваць і іншую функцыю. За невялікае ахвяраванне пілігрымы змогуць набыць пэўныя паслугі і скарыстацца адмысловымі зніжкамі на перыяд паломніцтва. Гаворка ідзе пра паслугі ў сферы транспарту, грамадскага харчавання і пражывання.

З верасня будуць працаваць старонкі ў сацсетках і новы мабільны дадатак iubilaeum2025. Яго інтэрфейс зробіць рэгістрацыю на юбілейныя мерапрыемствы прасцейшай і хутчэйшай, з магчымасцю атрымання ўсёй неабходнай інфармацыі. Карыстальнік зможа захоўваць падзеі, якія яго цікавяць, мець больш хуткі доступ да персаналізаванай зоны, спампаваць QR-код для пілігрымкі да Святой Брамы і, зразумела, калі была набыта адмысловая карта, доступ да прапанаваных паслуг. Па сутнасці, мабільны дадатак дазволіць пілігрыму хутчэй атрымліваць інфармацыю пра Юбілей, палегчыць працэс рэгістрацыі і паскорыць арганізацыю пілігрымак у горадзе, наладзіць прамую сувязь з Дыкастэрыяй па евангелізацыі, якая з’яўляецца галоўным арганізатарам Юбілею 2025 года.
 

09 мая 2023, 13:16