Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер 

Арцыбіскуп Галахер пра глабальныя праблемы і ролю Caritas

У складаным геапалітычным кантэксце нам як ніколі патрэбнае братэрства, якое ўвасабляе Caritas, - адзначыў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, звяртаючыся 12 мая 2023 года да ўдзельнікаў генеральнай асамблеі Caritas Internationalis.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі выказаў Caritas шчырую ўдзячнасць за дабрачынную дзейнасць, якую арганізацыя вядзе па ўсім свеце, распаўсюджваючы культуру клопату. Дабрачыннасць, у адрозненне ад бяздушнага прагматызму, прыносіць надзею самым уразлівым, прызнае іх годнасць і дазваляе па-сапраўднаму інтэграваць іх у грамадства, - лічыць іерарх.

Шляхі братэрства

На яго думку, місія па аказанні дапамогі не аднабаковая, а ўяўляе сабой братэрскую сустрэчу. “Братэрства дазваляе людзям, роўным па сваёй сутнасці, годнасці, у асноўных правах і свабодах, па-рознаму ўдзельнічаць у агульным дабрабыце грамадства ў адпаведнасці з іх здольнасцямі, жыццёвым планам, пакліканнем, працай або харызмай", - падкрэсліў арцыбіскуп Галахер.

У апошні час свет моцна пацярпеў ад беспрэцэдэнтных крызісаў, пандэміі, стыхійных бедстваў, змены клімату, недахопу харчавання і голаду, новых канфліктаў, а таксама палітычнай нестабільнасці і гвалту. Рэзка актывізавалася гонка ўзбраенняў, узмацнілася логіка канфрантацыі і барацьбы за ўладу. Усё гэта, магчыма, нават паставіла пад сумнеў здольнасць міжнароднай супольнасці і яе інстытутаў падтрымліваць мір і давер паміж народамі. У такім складаным геапалітычным кантэксце братэрства, якое ўвасабляе Caritas, неабходнае як ніколі, - зазначыў дыпламат.

Гуманітарная дзейнасць арганізацыі з'яўляецца нічым іншым, як выразам міласэрнасці Хрыста. У гэтым яе сіла і самабытнасць, якія адрозніваюць яе ад іншых некамерцыйных арганізацый. У той жа час, дзякуючы сваёй прысутнасці на пяці кантынентах, яна з'яўляецца часткай міжнароднай супольнасці і прыхільнікам здаровага антрапалагічнага бачання, заснаванага на каталіцкім веравучэнні, - дадаў іерарх.

Мір і дыялог паміж народамі

Арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што дабрачыннасць на міжнародным узроўні з'яўляецца важным аспектам мірабудаўніцтва і дыялогу паміж народамі, настойлівая неабходнасць у якіх вельмі востра адчуваецца ў апошнія месяцы, калі мы сталі сведкамі канфліктаў у сэрцы Еўропы і ў іншых краінах: Гаіці, Судане, на Блізкім Усходзе. “Такім чынам, заклік да міру і ўзаемаразумення паміж людзьмі і народамі з'яўляецца неадкладным і складае адзін з прыярытэтаў гуманітарных ініцыятыў”, - адзначыў папскі дыпламат.

Ядром дзейнасці такой каталіцкай арганізацыі, як Caritas, павінна быць евангельская ўпэўненасць у прысутнасці Хрыста ў Касцёле. Гэта прысутнасць аб'ядноўвае людзей, якія служаць адзінай касцёльнай місіі і, тым самым, робіць іх дзеянні больш годнымі даверу.

Заклік да сінадальнасці

Прадстаўнік Святога Пасада папярэдзіў удзельнікаў асамблеі аб рызыцы ізаляцыі і заахвоціў да супрацоўніцтва ў сумесных праектах, да абмену досведам і сумеснага падарожжа ў рамках адной місіі па служэнню агульнаму дабру.

Сінадальнасць неаддзельная ад пачуцця сумеснай адказнасці з Богам і іншымі людзьмі. Яна прадугледжвае пэўную ступень сталасці, як індывідуальнай, так і інстытуцыйнай, якая дазваляе ўбачыць у іншых пазітыўнае, пазбавіцца самарэферэнтнай перспектывы і пачуцця пратаганізму на карысць больш шырокай Касцёльнай місіі, - сцвердзіў арцыбіскуп Галахер.

Ён нагадаў словы Францішка аб тым, што, каб лепш выйсці з крызісу, неабходна выконваць прынцып субсідыярнасці, паважаючы аўтаномію кожнага і яго здольнасць праяўляць ініцыятыву. Гэта ўяўляецца асабліва важным у сённяшніх складаных палітычных умовах, калі дух каланіялізму і іншыя імперскія апетыты вярнуліся з вялікім размахам. Сітуацыя ў свеце сёння, мабыць, не менш складаная, чым 70 гадоў таму, калі свет раздзіралі наступствы каланіяльнай палітыкі і напружанасць часоў халоднай вайны. Спакуса прытрымлівацца логіцы моцы працягвае існаваць, у той час калі павінна ўзяць верх логіка Евангелля, - папярэдзіў іерарх, дадаючы, што ў сувязі з гэтым нават выбар урадавых партнёраў у палітычна складаных умовах не заўсёды застаецца без наступстваў для дабрачыннай каталіцкай арганізацыі і, кажучы больш шырока, для Касцёла. У такім кантэксце асаблівай задачай Caritas з'яўляецца ўвасабленне асноўных каштоўнасцяў братэрскага супрацоўніцтва ва ўмовах велізарнай разнастайнасці мясцовых умоў і культур, - зазначыў дыпламат.

У заключэнне ватыканскі іерарх нагадаў, што Касцёл заўсёды здзяйсняў вялікія справы невялікімі рэсурсамі. Гэта характарызавала сведчанне многіх святых, у тым ліку заступнікаў Caritas: Маці Тэрэзы з Калькуты і Оскара Рамэра, - адзначыў арцыбіскуп Галахер, пажадаўшы ўдзельнікам асамблеі плённых дыскусій.

12 мая 2023, 12:59