Арцыбіскуп Галахер: шлях да міру – салідарнасць
Марыя Валодзіна - Vatican News
Прымаючы ўдзел у міжнароднай канферэнцыі па бяспецы, Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі падзяліўся з яе ўдзельнікамі сваімі разважаннямі аб значэнні салідарнасці і міра. Акрамя Украіны, дзе вайна працягваецца ўжо 460 дзён, узброеныя канфлікты адбываюцца таксама ў Самалі, Афганістане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Емене і іншых краінах, - нагадаў ён.
Узаемасувязь усіх чалавечых істот
Іерарх заўважыў, што ўсе мы, чалавечыя істоты, узаемазвязаныя і залежныя адзін ад аднаго, аб чым красамоўна пісаў вядомы англійскі паэт-метафізік Джон Дон, кажучы аб тым, што ніводны чалавек не з'яўляецца востравам, кожны чалавек – гэта кавалачак кантынента, частка цэлага, таму смерць любога чалавека датычыцца ўсяго чалавецтва, прымяншае ўсіх нас па той простай прычыне, што ўсе мы належым да чалавечай расы. “Такім чынам, кожны раз, калі вы чуеце звон звана, не пытайцеся, па кім ён звоніць, бо ён звоніць па вас”, - працытаваў верш арцыбіскуп Галахер.
Усведамляючы ўзаемасувязь усіх людзей, Ян Павел II вызначыў салідарнасць як "цвёрдую і настойлівую рашучасць прысвяціць сябе агульнаму дабру, гэта значыць дабру ўсіх і кожнага, таму што ўсе мы адказныя за ўсіх", - адзначыў дыпламат.
Разнастайнасць у адзінстве
Па словах іерарха, такое разуменне салідарнасці мае свае карані ў вучэнні святога Паўла, які тлумачыць узаемасувязь паміж адзінствам і разнастайнасцю на прыкладзе чалавечага цела: “Цела – гэта не адзін член, але шмат”. (1 Кар 12, 26)
Чалавечая сям'я нагадвае наш арганізм: яна адзіная, але складаецца з мноства індывідаў. Калі хтосьці пакутуе, усе астатнія таксама будуць пакутаваць, калі кагосьці ўшаноўваюць, тады і астатнія падзяляюць яго радасць. Мы ўсе нясем адказнасць за ўсіх, таму што кожны з нас з'яўляецца часткай цэлага, часткай чалавечай сям'і, - зазначыў арцыбіскуп Галахер.
Прыгажосць салідарнасці
На яго думку, салідарнасць – гэта пачуццё прыналежнасці да вялікай чалавечай сям'і, агульны дабрабыт якой залежыць ад дабрабыту кожнага чалавека ва ўсіх кутках свету. Гэта пачуццё прыналежнасці дазваляе нам адчуць тое, што перажываюць іншыя, падтрымліваць адзін аднаго, прызнаваць і паважаць адрозненні паміж народамі, атаясамліваць сябе з іншымі, усведамляць іх патрэбы, каб прыйсці на дапамогу не з-за іх сацыяльнага статусу, рэлігіі альбо этнічнай расы, а таму, што яны нашы браты - людзі, з якімі мы падзяляем адну і тую ж чалавечую годнасць, паколькі ўсе мы створаны па вобразу і падабенству Божаму.
Менавіта прызнанне годнасці кожнай чалавечай асобы “складае аснову салідарнасці і адкрывае магчымасць стварэння інтэрактыўнага грамадства, у якім асобныя людзі, сем'і, супольнасці, нацыі і міжурадавыя аб'яднанні ўступаюць ва ўзаемны дыялог для дасягнення гармоніі і камуніі”, - адзначыў ватыканскі дыпламат.
На працягу апошніх 60 гадоў Каталіцкі Касцёл заклікаў да міру і справядлівасці ва ўсім свеце, падкрэсліваючы неабходнасць прызнання неад'емнай годнасці кожнай чалавечай асобы і неабходнасць міжнароднага супрацоўніцтва і салідарнасці. 25 верасня 2020 года Папа Францішак звяртаўся да Генеральнай Асамблеі ААН, падкрэсліваючы неабходнасць умацавання шматбаковага супрацоўніцтва і глабальнай сумеснай адказнасці за мір і адзінства чалавечай сям'і. У энцыкліцы Fratelli tutti пра братэрства і сацыяльнае сяброўства слова салідарнасць сустракаецца не менш за 26 разоў, нагадваючы нам аб нашай агульнай адказнасці адзін за аднаго і неабходнасці вырашэння надзённых праблем нашага часу з дапамогай дыялогу.
Салідарнасць і індывідуалізм
Паняцце салідарнасці моцна кантрастуе з індывідуалістычным поглядам на чалавека як на аўтаномную, самарэгуляваную і самадастатковую істоту, адзінай мэтай якой з'яўляецца дасягненне самарэалізацыі ўсімі магчымымі спосабамі, пакуль яна не ўступіць у кантакт з іншай такой жа істотай. Замест дыялогу і ўзаемаадносін такія аўтаномныя суб'екты ўступаюць альбо ў спаборніцтва, заснаванае на прынцыпе, што пераможа найразумнейшы, альбо ў канфлікт, у якім будзе кіраваць наймацнейшы. У такіх умовах мір больш не разглядаецца як стан гармоніі, а хутчэй як адсутнасць канфліктаў. У выніку з'яўляецца мноства правілаў і прадпісанняў на мясцовым, нацыянальным або міжнародным узроўнях, каб гарантаваць кожнаму чалавеку, кожнай групе і нацыі права на самарэалізацыю. Такія сістэмы, заснаваныя на чалавечым эгаізме, не пакідаюць месца любові і сяброўству паміж народамі і нацыямі, таму яны няўстойлівыя.
Салідарнасць - прывілеяваны шлях да міру
Толькі салідарнасць здольная разбурыць праклён чалавечага эгаізму і прынесці ўстойлівы мір, які заключаецца не проста ў адсутнасці канфліктаў, але ў прысутнасці справядлівасці, гармоніі і супрацоўніцтва. Салідарнасць - гэта прывілеяваны шлях да міру, паколькі яна стварае сувязі сяброўства і супрацоўніцтва паміж народамі і нацыямі, якія выходзяць за рамкі эканамічных выгод і барацьбы з пагрозамі бяспекі. Яна імкнецца да адзінства ў імя агульнага дабра. Салідарнасць выхоўвае пачуццё агульнасці, спачування і адзінства. Такім чынам, салідарнасць і мір - гэта два бакі аднаго медаля, бо мір не можа быць дасягнуты без салідарнасці, а салідарнасць не можа існаваць без міру. Калі мы зможам выхаваць у духу салідарнасці ўсіх людзей усіх будучых пакаленняў, пачынаючы з нас саміх і нашых дзяцей, толькі тады мы зможам пабудаваць лепшую будучыню ва ўмовах трывалага міру паміж народамі і нацыямі, - лічыць арцыбіскуп Галахер.
Больш за тое, з хрысціянскага пункту гледжання, прыхільнасць да салідарнасці караніцца ў тым, што Бог, у знак салідарнасці з чалавецтвам, паслаў Свайго Сына, Які ўзяў на Сябе нашы грахі і даў нам надзею на вечнае жыццё, - завяршыў сваю прамову Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.