Пошук

Базіліка святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота Базіліка святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота 

Фінансавая справаздача за 2022 год: барацьба за празрыстасць

Упраўленне па наглядзе і фінансавай інфармацыі Апостальскай Сталіцы абнародавала справаздачу за 2022 год, згодна з якой было атрымана 128 паведамленняў аб падазроных аперацыях, 124 з якіх ад Інстытута рэлігійных спраў.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Упраўленне па наглядзе і фінансавай інфармацыі (Autorità di Supervisione e Informazione Finanziaria - ASIF) было створана Бенедыктам XVI у 2010 годзе для барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызма, а таксама для фінансавага кантролю.

У прадмове старшыні ўпраўлення Кармэла Барбагала адзначаецца, што надзеі на спыненне пандэміі і моцнае аднаўленне сусветнай эканомікі ў 2022 годзе не спраўдзіліся. Да пандэміі, хоць і менш небяспечнай, дадаліся канфлікт ва Украіне і некалькі банкаўскіх крызісаў. "У гэтым складаным кантэксце дзеянні па прадухіленні і супрацьдзеянні адмыванню грошай і фінансаванню тэрарызма не спыняліся", - запэўніў Барбагала, дадаючы, што для іх поўнай эфектыўнасці неабходна аднавіць “атмасферу глабальнага супрацоўніцтва”.

Паведамленні аб падазронай дзейнасці

Згодна са справаздачай, у 2022 годзе Упраўленнем было атрымана 128 паведамленняў аб падазроных аперацыях, што на 24 больш, чым у 2021 годзе. Большасць паведамленняў паступіла ад Інстытута рэлігійных спраў (IOR), 2 – ад органаў улады Дзяржавы Ватыкан, 1 – ад некамерцыйнай арганізацыі, 1 – ад іншых асоб.

Аналіз такіх паведамленняў з'яўляецца адной з асноўных функцый Упраўлення. У выпадку, калі падазрэнні будуць абгрунтаваныя, паведамленні накіроўваюцца ў Бюро прамотара справядлівасці. У 2022 годзе на разгляд прамотара справялівасці былі накіраваны 19 паведамленняў.

Згодна з дакументам, у мінулым годзе працягвалася тэндэнцыя да большай празрыстасці, дзякуючы падрабязным крытэрыям выяўлення анамалій, такім як залішне складаная ці нелагічная дзейнасць, выкарыстанне наяўных сродкаў, падазроныя паводзіны і адмова ад супрацоўніцтва.

Адмены фінансавых аперацый

Паведамленні аб падазронай дзейнасці, якія паступілі ва Упраўленне, прывялі да адмены пяці фінансавых аперацый на агульную суму 829 050 еўра. У 2022 годзе не прымаліся меры па арышту сродкаў на рахунках, але ў параўнанні з 2021 годам у мінулым годзе назіралася павелічэнне выпадкаў, калі Упраўленне павінна было ўмяшацца ў адпаведнасці з артыкулам 48 закона № XVIII, які прадугледжвае магчымасць прыпыніць выкананне аперацыі або замарозіць актывы да пяці рабочых дзён у выпадку падазрэння ў адмыванні грошай або фінансаванні тэрарызма.

Унутранае і знешняе супрацоўніцтва

У рамках унутранага супрацоўніцтва ва ўстановы Святога Пасада і Дзяржавы Ватыкан было накіравана 39 запытаў і атрымана 33 зварота ад іх. У сферы міжнароднага супрацоўніцтва Упраўленне накіравала партнёрам 30 запытаў, ад іх было атрымана 11.

Акрамя таго, Упраўленне прымала актыўны ўдзел у абменах з Банкам Італіі і нямецкім Бундэсбанкам, у пленарных пасяджэннях Egmont Group і Moneyval, а таксама ўпершыню прысутнічала на штогадовай Канферэнцыі па еўрапейскім фінансавым рэгуляванні і наглядзе, якая прайшла ў снежні 2022 года ў Бруселі.

Пагадненні

Колькасць мемарандумаў аб узаемаразуменні, падпісаных з органамі фінансавага нагляду розных краін, павялічылася да 67. У 2022 годзе такія дамовы былі заключаны з Паўночнай Македоніяй і Кайманавымі астравамі.

У справаздачы падкрэсліваецца моцная прыхільнасць Святога Пасада да супрацоўніцтва і міжнароднага абмена інфармацыяй "з мэтай супрацьдзеяння ўхіленню ад выплаты падаткаў і садзейнічання выкананню падатковых абавязацельстваў замежнымі грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі, якія падтрымліваюць адносіны з Інстытутам рэлігійных спраў". У прыватнасці, Упраўленне займалася маніторынгам выканання ўмоў пагаднення з ЗША аб падатках на замежныя рахункі (Пагадненне FATCA) ад 10 чэрвеня 2015 года.

Перавозка наяўных сродкаў

Нарэшце, што тычыцца дэкларацый аб трансгранічнай перавозцы наяўных сродкаў, у 2022 годзе Упраўленне зарэгістравала 154 уязных дэкларацыі на агульную суму 14 725 989 еўра, і 410 выязных дэкларацый (на суму 6 273 198 еўра).

11 мая 2023, 11:49