Галахер: збожжавая дамова – прыклад эфектыўнасці дыпламатыі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Вайна, развязаная Расіяй ва Украіне, “ускалыхнула свет так, як гэтага ўжо даўно не здаралася, сваімі палітычнымі, ваеннымі, эканамічнымі, сацыяльнымі, гуманітарнымі і нават рэлігійнымі наступствамі”, - падкрэсліў Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.
Ватыканскі іерарх зазначыў, што “якая-кольвечы агрэсія з’яўляецца абсалютна недапушчальнай, незалежна ад аргументаў, якія выкарыстоўваліся для яе развязвання, а таксама ад мэт, абвешчаных і не абвешчаных, якіх плануецца дасягнуць”.
Арцыбіскуп Галахер сцвердзіў, што вайне не можа быць апраўдання з прычыны трагічных наступствах, да якіх якая прывяла. Ён згадаў пра вялікую колькасць загінулых, параненых, зніклых без вестак, бежанцаў і ўнутрана перамешчаных асоб, а таксама пра знішчэнне інфраструктуры і дамоў.
Іерарх назваў не менш важным наступствам вайны харчовы крызіс, звязаны з блакадай украінскіх партоў. Ён нагадаў, што Украіна – адзін з галоўных пастаўшчыкоў збожжа ў свеце, таму блакада паўплывала на жыццё мільёнаў людзей.
Ініцыятыва стварэння так званага “збожжавага калідору”, якая вымагала вялікіх высілкаў для падпісання дамовы і яе выканання, не толькі заслугоўвае пахвалы, але таксама павінна быць падтрымана, - дадаў іерарх, нагадваючы, што яна мае фундаментальнае значэнне для стабілізацыі рынку і забеспячэння ежай мільёнаў людзей ва ўсім свеце.
Папскі дыпламат працытаваў словы Францішка, пра тое, што нельга “выкарыстоўваць збожжа, базавы харчовы прадукт, як зброю падчас вайны”. Ён адзначыў актуальнасць слоў Пантыфіка, заклікаючы не выкарыстоўваць экспарт збожжавых у якасці інструмента для шантажу, а таксама не выкарыстоўваць дамову для іншых мэт, не звязаных з гуманітарнымі.
Арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што пагадненне па збожжы стала “першай і адзінай вялікай дамовай пасля ўварвання ва Украіну”. Яна сведчыць пра вартасць прыкладання дыпламатычных намаганняў і пра тое, што яны могуць прыносіць плёны. Іерарх нагадаў словы Папы, які назваў рэалізацыю пагаднення “знакам надзеі” і пажадаў, каб “ідучы гэтым шляхам, атрымалася спыніць баявыя дзеянні і дасягнуць справядлівага і трывалага міру”.