Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Ладарыя: энцыкліка Humanae vitae захоўвае актуальнасць

Энцыкліка Humanae vitae захоўвае сваю сілу і актуальнасць да сённяшняга дня, бо з’яўляецца правільным адказам Настаўніцтва Касцёла на дуалістычную антрапалогію нашага часу, - падкрэсліў кардынал Луіс Ладарыя Фэрэр.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Прэфект Дыкастэрыі Веравучэння прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця міжнароднай канферэнцыі пад назвай Humanae Vitae: мужнасць энцыклікі пра сексуальнасць і пракрэацыю, якая 19-20 мая 2023 года прайшла ў Патрыстычным інстытуце Аўгустыніянум у Рыме. Форум быў арганізаваны Міжнароднай катэдрай біяэтыкі імя Жэрома Лежэна з нагоды 55-годдзя дакумента святога Паўла VI.

“Энцыкліка Humanae Vitae закранае пытанні, звязаныя з сексуальнасцю, любоўю і жыццём, якія цесна ўзаемазвязаны (…) Гэта пытанні, якія хвалююць усіх людзей ва ўсе часы. Таму яе пасланне застаецца нязменным. Папа Бэнэдыкт XVI выказаў гэта такімі словамі: тое, што было праўдай учора, застаецца праўдай і сёння”, - сказаў іерарх.

Кардынал Ладарыя Фэрэр зазначыў, што энцыкліка Паўла VI прапануе цэласную антрапалогію чалавечай асобы, здольнай спалучаць свабоду і прыроду. Сучасныя антрапалагічныя мадэлі імкнуцца інструменталізаваць чалавечае цела і рэпрэзентуюць не новыя, постмадэрнісцкія і секулярныя форму гуманізму, а хутчэй антыгуманізм, - лічыць ён.

Прэфект Дыкастэрыі Веравучэння нагадаў пра абавязак Касцёла і ўсіх католікаў бараніць праўду пра чалавека: “Мы пакліканы быць знакам, якому супраціўляцца будуць, абвяшчаць адзінства і цвёрдасць праўды пра чалавека, любоў, сексуальнасць і жыццё”, - сказаў іерарх, дадаючы, што гэта становіцца неабходным калі “ўзвышэнне свабоды без сувязі з праўдай” робіць “ідэалогіі жадання і волі” галоўнымі матывамі чалавечых рашэнняў. Гэта “антрапалогія, якая аддзяліла пакліканне да любові ад паклікання да плённасці”, - сказаў кардынал Луіс Ладарыя Фэрэр.
 

22 мая 2023, 09:31