Пошук

Кардынал Шэрэр Кардынал Шэрэр 

Кардынал Шэрэр: Святому Пасаду дапамагае шчодрасць вернікаў

Аб эканамічным становішчы Святога Пасада і дапамозе вернікаў з усяго свету распавёў член Рады па эканамічных пытаннях, кардынал Адзілью Пэдру Шэрэр.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У інтэрв'ю ватыканскім СМІ арцыбіскуп Сан-Паўлу распавёў аб дзейнасці Рады па эканамічных пытаннях, створанай Францішкам у 2014 годзе для кантролю за актывамі, а таксама эканамічнымі, адміністрацыйнымі і фінансавымі структурамі Святога Пасада. Рада знаходзіцца на службе Сакратарыята па эканамічных пытаннях і Папы. Ёй даручана кантраляваць дзейнасць эканамічных органаў Святога Пасада, а таксама даваць рэкамендацыі і парады тым, хто прымае рашэнні: Сакратарыяту па эканамічных пытаннях і Святому Айцу.

Члены Рады збіраюцца чатыры-пяць разоў на год для абмеркавання пытанняў, якія стаяць на парадку дня. Парады і рэкамендацыі, якія вынікаюць з пасяджэнняў, перадаюцца ў рукі Пантыфіка. Рада – не орган выканаўчай улады, гэтую функцыю выконвае Сакратарыят па эканамічных пытаннях і іншыя органы эканамічнага кіравання. Рада ажыццяўляе агульнае назіранне і нагляд за эканамічным, адміністрацыйным і фінансавым становішчам Святога Пасада.

Адказваючы на пытанне аб тым, як ідуць справы з фінансамі, кардынал Шэрэр сказаў, што Святы Пасад “не з'яўляецца шчаслівым астраўком у свеце, дзе бушуе эканамічны крызіс”. Як і многія, Святы Пасад з усіх сіл імкнецца задаволіць штодзённыя патрэбы. У канцы года бюджэт звычайна бывае стратным: “чырвоным або амаль чырвоным”, - удакладніў іерарх.

Справіцца з гэтай сітуацыяй, якая склалася не сёння, дазваляюць малыя і вялікія ахвяраванні вернікаў і Касцёльных структур. Паводле кананічнага права Касцёла, дыяцэзіі па ўсім свеце могуць дапамагаць Святому Пасаду, асабліва калі ў гэтым узнікае вялікая патрэба. "І гэта працуе. Ахвяраванні шматлікіх дыяцэзій сапраўды дапамагаюць Святому Пасаду ў эканамічных пытаннях", - адзначыў кардынал Шэрэр.

08 мая 2023, 10:19