2023.05.23 #NotAlone: il 10 giugno in piazza San Pietro il Meeting Mondiale sulla Fraternità Umana

#NotAlone: 30 лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі прыедуць у Ватыкан

10 чэрвеня 2023 года на плошчы Святога Пятра і адначасова на васьмі іншых плошчах па ўсім свеце ў прысутнасці Папы пройдзе Сусветная сустрэча па пытаннях чалавечага братэрства пад назвай #NotAlone.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На ватыканскай плошчы будуць прысутнічаць 30 лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі і тысячы маладых людзей з усяго свету. Мерапрыемства арганізавана Ватыканскім фондам Fratelli tutti ў супрацоўніцтве з базілікай святога Пятра, Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і Дыкастэрыяй па камунікацыі.

У Ватыкане чакаюць таксама сем'і, асацыяцыі і тых, хто сёння вымушаны жыць на абочыне грамадства, ад бедных і бяздомных да мігрантаў і ахвяр гвалту і гандлю людзьмі.

Ініцыятыва, натхнёная энцыклікай Францішка Fratelli tutti, мае на мэце прыцягнуць людзей з усяго свету да сумеснага прасоўвання культуры братэрства і міру.

Раніцай 10 чэрвеня нобелеўскія лаўрэаты, якія далучыліся да ініцыятывы, сустрэнуцца адзін з адным і з дзеячамі навукі, культуры, права і міжнародных арганізацый для стварэння дакумента, у якім прагучыць заклік да пашырэння чалавечага братэрства. Вечарам тэкст прадставяць Пантыфіку.

Мерапрыемства, якое пачнецца 10 чэрвеня ў 16.00 на плошчы святога Пятра, будзе адкрыта для ўсіх без рэгістрацыі. Інфармацыя аб праграме будзе даступная на сайце: www.fondazionefratellitutti.org/notalone. На YouTube-канале Vatican News пройдзе прамая трансляцыя.
 

23 мая 2023, 13:48