Сакратар Дыкастэрыі па евангелізацыі: чуць Бога, а не крыкуноў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На думку арцыбіскупа Фартунатуса Нвачукву, на Сінодзе варта чакаць выразнага і рашучага голасу Касцёла ў Афрыцы. “Мы перакананыя, што слуханне адно аднаго ў духу Евангелля пачынаецца са слухання волі Божай, а не голасу самых гучных людзей у натоўпе. Сінадальнасць у біблейскім духу азначае сумеснае слуханне Пана”, - нагадаў ён.
Спасылаючыся на бягучыя дэбаты ў рамках сінадальнага працэсу, нігерыйскі іерарх падкрэсліў, што вырашальную ролю адыгрываюць не структуры і душпастырскія планы, але жывое сведчанне веры. На яго думку, Еўропа павінна натхняцца сведчаннем першых місіянераў, якія прынеслі веру на яго радзіму. У той жа час ён прапанаваў правераныя сродкі евангелізацыі, якімі з’яўляюцца любоў да Бога, слуханне Яго Слова і павага да сакрамэнтаў.
Сакратар місійнай дыкастэрыі не хаваў сваёй горычы з нагоды таго, што сёння місія Касцёла ўспрымаецца часта ў ракурсе негатыўнага вопыту, звязанага з каланізацыяй. Не пакідаючы без увагі мінулыя памылкі, ён, аднак, прызнаў, што яго, як афрыканца часам хвалюе такая інтэрпрэтацыя гісторыі, таму што менавіта еўрапейскія місіянеры прынеслі Хрыста і Касцёл у Афрыку, і плён гэтай місіі застаецца значным. Каталіцкі Касцёл нідзе сёння не мае такой моцнай веры, як у афрыканскіх краінах, - запэўніў арцыбіскуп Нвачукву.
Іерарх лічыць, што Еўропа павінна змяніць свой погляд. Гэта няпраўда, што Касцёлу не хапае святароў. Проста трэба правільна размясціць іх па свеце, пераканаўшыся ў іх належнай падрыхтоўцы. Таму Касцёл павінен займацца не вынаходніцтвам нечага новага, а прымяненнем таго, што ўжо спрацавала ў гісторыі. Калісьці Еўропа прынесла веру на афрыканскі кантынент, сёння Афрыка можа даць ёй жывую і сапраўдную веру.
У размове з аўстрыйскімі СМІ шматгадовы ватыканскі дыпламат прызнаў, што існуе небяспека новых падзелаў у веры ў нямецкамоўных Касцёлах. Аднак ён спадзяецца, што там адумаюцца. Гісторыя ведае выпадкі, калі тыя, хто хацеў аддзяліцца, нават калі іх была большасць, рана ці позна разумелі, што пайшлі няправільным шляхам.