Прэфект: біскуп павінен быць пастырам, блізкім да народа
Аляксандр Панчанка – Vatican News
67-гадовы аўгустыніянін амерыканскага паходжання, арцыбіскуп Роберт Фрэнсіс Прэвост Марцінэс, шмат гадоў служыў у Перу, спачатку як місіянер, а потым як біскуп. Ён узначаліў ватыканскае ведамства 30 студзеня 2023 года. Іерарх прызнаўся, што дагэтуль адчувае сябе місіянерам, пакліканым абвяшчаць Евангелле там, дзе знаходзіцца.
Гаворачы пра заданне біскупаў, прэфект заўважыў, што ў першую чаргу яны павінны быць “каталіцкімі”, не засяроджвацца выключна на мясцовых справах, а быць уключанымі ў агульнакасцёльныя працэсы. Патрэбна таксама здольнасць слухаць, шукаць парадаў, мець псіхалагічную і духоўную сталасць. Згодна са словамі Папы, біскуп павінен быць блізкім да Бога, іншых біскупаў, святароў і Божага народу, не ізалявацца ў біскупскім палацы, задавальняючыся пэўным сацыяльным статусам і пазіцыяй у Касцёле.
Ватыканскі іерарх нагадаў, што біскупы павінны сведчыць пра блізкасць з Панам і вучыць пазнаваць Яго. “Гэта стаіць на першым месцы: перадаваць прыгажосць веры, прыгажосць і радасць знаёмства з Езусам”, - дадаў ён. Прэфект звярнуў увагу таксама на пакліканне пастыраў спрыяць адзінству ў Касцёле і адзінству з Папам, бо падзелы – гэта балючая рана на целе Касцёла, яны ні ў чым не дапамагаюць.
Каментуючы ўключэнне членаў Божага Народа ў працэс абрання кандыдатаў на пасаду біскупа, пра што гаворыцца ў Апостальскай канстытуцыі Praedicate Evangelium, іерарх заўважыў, што гэта адбывалася і раней. “Гэта важна, бо біскуп пакліканы служыць мясцоваму Касцёлу. Таму выслухаць таксама і Божы народ – важна”, - сказаў ён. Арцыбіскуп удакладніў: гэта не азначае, што выбіраць пастыра павінен сам мясцовы Касцёл. Кансультацыі з ім дапамагаюць мець больш шырокі позірк.
Гаворачы пра прызначэнне трох жанчын у Дыкастэрыю па справах біскупаў ватыканскі прэфект адзначыў, што іх уклад з’яўляецца каштоўным, бо часам дазваляе паглядзець з іншай перспектывы на пытанні, якія абмяркоўваюцца, у тым ліку на дасье кандыдатаў на біскупскую пасаду.
У ходзе інтэрв’ю была закранута тэма злоўжыванняў у Касцёле. Арцыбіскуп Прэвост звярнуў увагу на важнасць блізкасці пастыраў да ахвяр. Дыкастэрыя, у сваю чаргу, будзе дапамагаць біскупам, якія не атрымалі належнай падрыхтоўкі ў гэтай сферы. Ён заўважыў, што ў некаторых краінах табу на абмеркаванне тэмы злоўжыванняў ужо не існуе, але ёсць таксама месцы, дзе ахвяры ці іх сем’і не хочуць казаць пра спазнанае насілле. “Мы павінны быць празрыстымі і шчырымі, суправаджаць ахвяр і дапамагаць ім, бо ў адваротным выпадку раны не загояцца ніколі”, - сказаў іерарх.
Каментуючы сінадальны працэс прэфект заўважыў, што ёсць іерархі, якія адкрыта дэманструюць сваю занепакоенасць, бо не разумеюць у якім кірунку ідзе Касцёл, магчыма, пакладаючы надзею на старую сістэму прыняцця рашэнняў. Гаворка ж ідзе пра тое, каб быць здольнымі слухаць адзін аднаго і слухаць Святога Духа. “Неабходна перайсці ад досведу, калі ўлады кажуць і ўсе выконваюць, да досведу Касцёла, які належна цэніць харызматы, дары, служэнні, што існуюць у Касцёле”, - сказаў ён.
Арцыбіскуп Прэвост падкрэсліў, што ў сферы эканамічных пытанняў біскупы павінны быць добрымі адміністратарамі або мець здольнасць знаходзіць добрых адміністратараў. “Я асабіста не прытрымліваюся меркавання, што Касцёл павінен прадаць усё і выключна абвяшчаць Евангелле на вуліцах”, - прызнаўся іерарх. Ён лічыць, што неабходна большая братэрская дапамога паміж мясцовымі Касцёламі: структуры ці інфраструктура, састарэлая ў багатых краінах, можа прыносіць карысць людзям у бедных. Біскупы павінны быць практычнымі, але і не забываць пра духоўнае вымярэнне свайго паклікання, каб не ператварыцца ў менеджэраў.
Прэфект Дыкастэрыі па справах біскупаў адзначыў таксама каштоўнасць перадачы евангельскага паслання праз сацыяльныя СМІ і важнасць належнай фармацыі пастыраў у гэтай сферы. “Мы павінны шмат разоў падумаць перш чым сказаць ці напісаць нешта ў Твітэры, каб адказаць ці проста задаць пытанне ў публічнай форме, на вачах усіх. Часам мы рызыкуем умацаваць падзелы і палеміку. Належнае выкарыстанне сацыяльных сетак, камунікацыя, прадугледжваюць вялікую адказнасць, але таксама і рызыкі, яны могуць нашкодзіць адзінству Касцёла. Таму патрэбна вялікая разважлівасць пры выкарыстанні гэтых сродкаў”, - параіў арцыбіскуп Фрэнсіс Прэвост.