Пошук

Дзяржсакратар П’етра Паралін Дзяржсакратар П’етра Паралін  (AFP or licensors)

Рада Еўропы: галоўная тэма пасяджэння – вайна ва Украіне

Мы не можам пасіўна згаджацца з тым, што ў змучанай Украіне працягваецца захопніцкая вайна, – адзначыў кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін падчас пасяджэння Рады Еўропы, якое праходзіла ў Рэк'явіку і завяршылася 17 мая 2023 года.

Ян Глінскі

Як падкрэсліў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы, трэба заўсёды памятаць пра пакуты ўкраінскага народа: “Прыйшоў час дзейнічаць, каб усталяваць трывалы і справядлівы мір ва Украіне”.

Вайна ва Украіне была галоўнай тэмай форуму. Рада Еўропы, між іншым, прыняла рашэнне стварыць рэестр ваеннай шкоды, якую нанесла Расія. На яго аснове можна будзе звяртацца па кампенсацыю. Паводле міжнароднага рапарту ад сакавіка бягучага года, кошт пасляваеннай рэканструкцыі ацэньваецца ў 411 мільёнаў долараў.

Галоўныя еўрапейскія лідары, як напрыклад, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі ці канцлер Германіі, выказаліся за неабходнасць пакарання рускіх ваенных за злачынствы і прыцягенне іх да адказнасці за нанесеную шкоду.

Як падкрэсліваецца ў дэкларацыі форуму, Рада Еўропы “з’яўляецца праектам міру”. Кардынал Паралін запэўніў, што Апостальская Сталіца будзе працягваць спрыяць усталяванню трывалага і справядлівага міру ва Украіне.

На думку іерарха, вайна ва Украіне паказвае, што “гарачае імкненне да палітыкі адзінства і да ўмацавання шматбаковых адносін здаецца ўспамінам з далёкага мінулага; здаецца, мы назіраем сумнае змярканне супольнай мары аб міры”.

“Таму ў духу заснавальнікаў гэтай арганізацыі і разам з Папам Францішкам мы павінны задаць сабе пытанне: «Думаючы перш за ўсё пра разбураную вайной Украіну, дзе творчыя намаганні дзеля міру?», – звярнуўся да ўдзельнікаў Рады Еўропы кардынал Паралін. – Мы павінны заўсёды памятаць пра ўкраінскі народ, які церпіць або гіне. Надышоў час прыняць меры і ўсталяваць канчатковы і справядлівы мір ва Украіне, а таксама ва ўсіх іншых, так званых шэрых зонах Еўропы. Запэўніваю, што Апостальская Сталіца і далей будзе выконваць сваю ролю”.

19 мая 2023, 10:09