Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: ахова здароўя – не раскоша, а неабходнасць для ўсіх

Галоўны абавязак дзяржаў – гарантаваць медыцынскую дапамогу на кожным этапе чалавечага жыцця, - нагадаў прадстаўнік Святога Пасада ўдзельнікам 76-й сесіі Сусветнай асамблеі аховы здароўя, якая праходзіць з 21 па 30 мая 2023 года ў Жэневе.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Прадстаўнік Святога Пасада адзначыў, што Францішак з'яўляецца рашучым прыхільнікам аховы здароўя для ўсіх як важнага аспекту барацьбы з няроўнасцю. Ён сцвярджае, што “пакуль праблемы бедных не будуць радыкальна вырашаны шляхам [...] ліквідацыі структурных прычын няроўнасці, не будуць вырашаныя і сусветныя праблемы".

Старшыня ватыканскай дэлегацыі прапанаваў узгадаць няпростае пытанне, зададзенае Піем XII удзельнікам Сусветнай асамблеі аховы здароўя ў 1949 годзе падчас прыватнай аўдыенцыі ў Ватыкане: Як мы маглі "спакойна назіраць за тым, як нашы браты і сёстры пакутуюць ад хвароб і фізічных дэфектаў, часам дастаткова сур'ёзных, каб прывесці да смерці, у той час як многія іншыя грамадства ў свеце дасягнулі такога ўзроўню аховы здароўя, што ранняя смяротнасць паступова зніжаецца, а колішнія эпідэміі паступова адступаюць?" Пій XII прызнаў тады, што тэрмін здароўе выходзіць за рамкі "простай адсутнасці цялесных хвароб і фізічных недахопаў", і пацвердзіў, што "сацыяльнае вучэнне Каталіцкага касцёла не пакідае сумневаў у тым, што здароўе цела і розуму [...] можа спрыяць стварэнню найбольш спрыяльнай атмасферы для ўнутранага і ўзаемнага супакою людзей".

Прадстаўнік Святога Пасада зацвердзіў, што кожная краіна павінна шукаць стратэгіі і рэсурсы для таго, каб гарантаваць фундаментальнае права кожнага чалавека на медыцынскае абслугоўванне, бо ахова здароўя - гэта не раскоша, яна для ўсіх. Ватыканская дэлегацыя заклікала ўдзельнікаў Асамблеі прызнаць, што мэта "выратавання жыцця і аховы здароўя для ўсіх" патрабуе ад мужчын і жанчын добрай волі, асабліва тых, хто нясе палітычную адказнасць, абараняць правы самых слабых. Галоўны абавязак дзяржавы – гарантаваць медыцынскую дапамогу на кожным этапе чалавечага жыцця, ад зачацця да натуральнай смерці, і рабіць гэта такім чынам, каб кожны чалавек адчуў, што пра яго клапоцяцца нават у самыя далікатныя моманты жыцця, - гаворыцца ў звароце дэлегацыі Святога Пасада да ўдзельнікаў 76-й сесіі Сусветнай асамблеі аховы здароўя.

Сусветная асамблея аховы здароўя з'яўляецца вышэйшым органам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Асноўная ўвага ўдзельнікаў яе сесій засяроджана на актуальных пытаннях ў сферы аховы здароўя насельніцтва Зямлі.

30 мая 2023, 14:16