Святы Пасад на саміце Савета Еўропы: прыярытэтныя тэмы
Марыя Валодзіна - Vatican News
Дэлегацыю Святога Пасада ўзначальвае Дзяржсакратар П'етра Паралін. На думку мансеньёра Марка Ганчы, пастаяннага назіральніка Святога Пасада ў гэтай міжнароднай арганізацыі, гэта дэманструе ўвагу да дзейнасці Савета Еўропы, за якой Святы Пасад уважліва назірае, “асабліва гэта тычыцца пытанняў, якія будуць абмяркоўвацца на саміце, перш за ўсё, сітуацыі ва Украіне і падтрымцы яе, а таксама праблемы дзяцей, дэпартаваных у Расію".
Такая ж увага надаецца і тэме міру – асноўнай для Савета Еўропы. “Святы Пасад заўсёды імкнецца, па магчымасці, быць актыўнай часткай пошуку магчымага мірнага рашэння, таму што мы заўсёды павінны думаць пра людзей, якія пакутуюць і паміраюць", - адзначыў прадстаўнік Святога Пасада.
“Яшчэ адной важнай прыярытэтнай задачай, якая стаіць перад самітам, з'яўляецца абарона навакольнага асяроддзя”, - заўважыў дыпламат, дадаючы, што Святы Пасад цягам многіх гадоў заклікае да абароны нашага агульнага дома, у тым ліку і ў папскай энцыкліцы Laudato si'.
Сёлетняя сустрэча высокага ўзроўня ў сталіцы Ісландыі – чацвёрты саміт з моманту стварэння Савета Еўропы ў 1949 годзе. Ён “уяўляе сабой гістарычную магчымасць для еўрапейскіх лідараў пацвердзіць сваю агульную прыхільнасць асноўным каштоўнасцям Савета Еўропы і пераарыентаваць сваю місію ў святле новых пагроз правам чалавека і дэмакратыі, а таксама для далейшай падтрымкі Украіны з дапамогай канкрэтных мер па забеспячэнні справядлівасці для ахвяр расійскай агрэсіі”. Саміт "таксама мусіць спрыяць развіццю ініцыятыў, накіраваных на вырашэнне праблем дэмакратыі і правоў чалавека, у тым ліку праблем навакольнага асяроддзя і штучнага інтэлекту", – гаворыцца ў паведамленні Савета Еўропы.