У Ватыкан прыбудуць рэліквіі святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса
Аляксандр Панчанка – Vatican News
З 6 па 16 чэрвеня рэліквіі французскай святой будуць знаходзіцца ў Рыме. Яны будуць дастаўлены ў рамках перэгрынацыі, арганізаванай з нагоды 150-годдзя з дня яе нараджэння і 100-годдзя з дня яе беатыфікацыі. З просьбай прывесці рэліквіі ў Вечны горад выступілі езуіты з Папскага калегіума Русікум, апякункай якога яна з’яўляецца.
У снежні 2022 года дэлегацыя санктуарыя святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса ў Лізьё запрасіла Францішка адведаць гэта месца на поўначы Францыі, але ў бліжэйшы час Пантыфік плануе наведаць толькі поўдзень гэтай краіны – 23 верасня ён адправіцца ў Марсэль.
“Паколькі Папа не можа прыехаць у Лізьё, тады святая Тэрэза прыбудзе на сустрэчу з Папам”, - прыводзіць словы ксяндза Аліўе Руфрэ, Генеральнага вікарыя дыяцэзіі Баё і адміністратара санктуарыя святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса ў Лізьё, інфармацыйнае агенцтва KAI. Верагодна, што рэліквіям святой Тэрэзы будуць спадарожнічаць рэліквіі яе бацькоў – святых Луі і Зэлі Мартэн.
Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса з’яўляецца апякункай усіх місій і місіянераў. У 1920-я гады Пій ХІ даручыў яе асабліваму нябеснаму заступніцтву Расію, у сувязі з трагічнымі падзеямі, якія адбываліся ў гэтай краіне пасля камуністычнай рэвалюцыі.
У сувязі з вялікім наплывам у Рым расійскіх эмігрантаў і паведамленняў пра пераслед хрысціян у гэтай краіне, рашэннем Пія XI у 1929 годзе ў Вечным горадзе быў заснаваны Папскі калегіум Русікум. Яго першапачатковым заданнем была фармацыя каталіцкіх святароў, галоўным чынам усходняга абраду, з Расіі або расійскага ці ўсходнеславянскага паходжання, а таксама вывучэнне ўсходнехрысціянскай абрадавасці, духоўнасці і культуры. На тэрыторыі ўстановы знаходзіцца капліца, названая ў гонар святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса.