У Ватыканскіх музеях адкрыліся дзве новыя залы
Марыя Валодзіна – Vatican News
Першая зала прысвечана ўнікальнай па сваёй прыгажосці і цэласнасці фармацэўтычнай калекцыі з старажытнай аптэкі святой Цэцыліі, якая дзейнічала ў рымскім раёне Трастэвэрэ з пачатку XVII стагоддзя да 1936 года, калі па волі Пія XI была перамешчана з кляштара святой Цэцыліі ў Ватыкан. Гэта дазволіла захаваць у цэласці аптэкарскія прыстасаванні і інгрэдыенты, якія выкарыстоўваліся ў мінулым для вырабу лекаў. Унікальнае фаянсавае апатэкарскае начынне складаецца з вялікіх і маленькіх пасудзін для вады і сіропаў, пакрытых глазурай і размаляваных кобальтавым сінім колерам на белым альбо попельна-блакітным фоне. Паверхню аптэкарскіх ваз упрыгожваюць выявы вінаграднага лісця, а таксама картушы з назвамі лекавых сродкаў, якія там захоўваліся. Некаторыя вазы ўпрыгожаны таксама такімі дэкаратыўнымі элементамі, як эмблемы, маскі, твары, анёлы, галіны або кветкі.
Другі пакой прызначаны для захоўвання пастаяннай калекцыі сярэдневяковай і сучаснай керамікі Ватыканскіх музеяў: ад першага керамічнага посуду, вырабленага ў Рыме ў IX стагоддзі, да манументальных керамічных твораў, атрыманых у падарунак Пантыфікам пасля аб'яднання Італіі. Сярод найбольш значных экспанатаў гэтай залы - 34 каштоўныя талеркі эпохі Адраджэння з калекцыі Карпенья, сярэднявечны посуд з тонкай керамікі, вельмі рэдкія ўзоры кафлі з архаічнай маёліцы, а таксама фрагменты керамічнай падлогі ватыканскіх Лоджый Рафаэля.
Дзве новыя музейныя залы знаходзяцца ля выхаду з Сікстынскай капэлы, уздоўж маршруту, прысвечанаму калекцыі дэкаратыўнага мастацтва. Пабачыць іх пакуль што можна толькі праз каштоўныя разьбяныя дзверы. Правядзенне экскурсій альбо даследаванняў магчыма па папярэдняй дамоўленасці.