Пошук

Базіліка святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота Базіліка святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан выключыў з абароту марку, прысвечаную СДМ у Лісабоне

Паштовая марка з выявай Францішка, які накіроўвае моладзь у будучыню, выклікала крытыку ў сувязі з выкарыстаннем графічнага вобраза помніка, які нагадвае пра каланіяльнае мінулае Партугаліі. Рыхтуецца новая марка, - паведаміў Губернатарат Дзяржавы Ватыкан.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Ватыкан выключыў з абароту марку, прысвечаную Сусветным дням моладзі, якія пройдуць у сталіцы Партугаліі з 1 па 6 жніўня 2023 года. Марка, выпушчаная 16 мая 2023 года, выклікала крытыку і здзіўленне ў сувязі з выкарыстаннем выявы Помніка першаадкрывальнікам (Padrão dos Descobrimentos), які стаіць на левым беразе Тежу ў Лісабоне.

Манумент у гонар вялікіх геаграфічных адкрыццяў быў узведзены ў 1960 годзе, праз 500 гадоў пасля смерці Генрыха Мараплаўца. Помнік адлюстроўвае гэтага першаадкрывальніка, які вядзе каманду да адкрыцця Новага Свету. Такім жа чынам, - тлумачыцца ў паведамленні Губернатарата, - планавалася адлюстраваць і Папу Францішка, які стаіць на носе карабля і накіроўвае моладзь і Касцёл у будучыню. У левым верхнім куце паштовага знака – лагатып Сусветных дзён, які на фоне крыжа і ружанца адлюстроўвае Божую Маці і адсылае да дэвіза сустрэчы: "Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла” (Лк 1, 29).

Марка выклікала шэраг негатыўных каментароў, у якіх падкрэслівалася, што выява вядомага помніка нагадвае пра каланіяльнае мінулае, вельмі далёкае ад паслання Францішка аб усеагульным братэрстве.

Арганізатары СДМ патлумачылі, што марка была выпушчана філатэлістычнай службай Ватыкана з нагоды сустрэчы Папы з моладдзю, без аніякіх згадак пра мінулае. Тым не менш, марка была адклікана. Рыхтуецца новы філатэлістычны выпуск, прысвечаны Сусветным дням моладзі ў Лісабоне, - паведаміў Губернатарат Дзяржавы Ватыкан.

Выключаная з абароту марка
Выключаная з абароту марка
19 мая 2023, 09:51