Пошук

Швейцарскі гвардзеец ля ўваходу ў Ватыкан Швейцарскі гвардзеец ля ўваходу ў Ватыкан  (ANSA)

Затрыманы кіроўца, які ўварваўся на тэрыторыю Ватыкана

На тэрыторыю Дзяржавы Ватыкан без дазволу прарваўся аўтамабіль, за рулём якога знаходзіўся 40-гадовы мужчына ў цяжкім псіхафізічным стане. Кіроўца затрыманы.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Увечары 18 мая 2023 года аўтамабіль, які рухаўся на вялікай хуткасці, прарваўся ў Ватыкан праз уваход святой Ганны, дзе месцяцца кантрольныя пасты Папскай швейцарскай гвардыі і ватыканскай жандармерыі. Нягледзячы на ўказанні швейцарскіх гвардзейцаў, якія перапынілі яму доступ без адпаведных дазволаў, ён ненадоўга выехаў за браму, каб здзейсніць манеўр, вярнуцца на вялікай хуткасці і прарвацца праз пасты.

Спрабуючы спыніць аўтамабіль, інспектар жандармерыі страляў з пісталета па пярэдніх колах машыны, трапіўшы ў яе, але машына ўсё роўна працягнула рух. Быў хутка перададзены сігнал трывогі, ахоўнікі зачынілі брамы, якія вядуць у заднюю частку базілікі святога Пятра, Ватыканскія сады і на плошчу святой Марты. Кіроўцы ўдалося даехаць да панадворку святога Дамаса ля Апостальскага палаца. Тут ён самастойна выйшаў з машыны і быў затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

"Мужчына ва ўзросце каля 40 гадоў быў неадкладна падвергнуты агляду медыкамі Упраўлення аховы здароўя і гігіены Дзяржавы Ватыкан, якія канстатавалі сур'ёзны стан псіхафізічных змен. У цяперашні час гэты чалавек знаходзіцца ў турэмнай камеры ў новым памяшканні казармы жандармерыі, якая знаходзіцца ў распараджэнні судовых органаў”, - паведаміла Зала друку Апостальскай сталіцы.

19 мая 2023, 09:13