Арцыбіскуп Галахер: папскі дыпламат павінен быць міратворцам
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі прыняў удзел у канферэнцыі на тэму Дыпламатыя Святога Пасаду і культура сустрэчы, арганізаванай італьянскай каталіцкай асацыяцыяй Carità Politica. Яна прайшла 20 чэрвеня 2023 года ў палацы святога Калікста ў Рыме.
Арцыбіскуп Галахер заўважыў, што спрыянне культуры сустрэчы знаходзіцца ў аснове паклікання папскіх прадстаўнікоў і іх супрацоўнікаў, якое яны спаўняюць падчас служэння ў розных частках свету. Іерарх згадаў розныя біблійныя прыклады будавання культуры сустрэчы, якімі натхняюцца дыпламаты Святога Пасаду: напрыклад апавяданне пра сустрэчу Абрагама і святара Мэльхізэдэка, як красамоўны ўзор сяброўства паміж рознымі народамі з найстаражытнейшых часоў.
Прыклады сустрэч з прадстаўнікамі розных культур і народаў багата таксама Евангелле. Арцыбіскуп Галахер прыпомніў пра аздараўленне Езусам слугі рымскага сотніка, прыпавесць пра Добрага Самараніна, дыялог Хрыста з Пілатам.
“Сустрэчы Езуса заўсёды мелі асабісты характар” і гэта павінна тычыцца таксама сустрэч дыпламатаў Святога Пасаду, пакліканых быць “не чыноўнікамі, а пастырамі, і прамаўляць да сэрцаў людзей, як арцыбіскупы і святары”. Ватыканскі іерарх згадаў таксама апавяданне пра сашэсце Святога Духа з кнігі Дзеяў Апосталаў, падкрэсліваючы, што на ім “грунтуецца хрысціянская ўпэўненасць у тым, што людзі могуць паразумецца паміж сабой і быць з’яднанымі”.
“Для прасоўвання культуры сустрэчы дыпламат Святога Пасаду павінен быць сапраўдным сведкам Евангелля, нястомным міратворцам і апосталам, захопленым справай прымірэння”, - адзначыў Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.