Пошук

Арцыбіскуп Габрыэле Кача Арцыбіскуп Габрыэле Кача 

Святы Пасад: будучыня залежыць ад дыялогу рэлігій і культур

“Міжрэлігійны і міжкультурны дыялог нельга зводзіць да факультатыўнага дадатку. На самой справе ён з’яўляецца жыццёвай неабходнасцю, ад якой у многім залежыць наша будучыня”, - падкрэсліў арцыбіскуп Габрыэле Кача.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН прыняў удзел у канферэнцыі Будаванне мастоў паміж Усходам і Захадам, якая прайшла 14 чэрвеня 2023 года ў Нью-Ёрку.

Папскі дыпламат заўважыў, што “ў сённяшнім фрагментаваным свеце навядзенне мастоў стала тэрміновым абавязкам для ўмацавання міру і адзінства”, каб “кожны мог бачыць у бліжнім не ворага”, але “брата і сястру, якіх трэба прыняць”.

Арцыбіскуп Кача адзначыў, што “гэты шлях да міру можа ўзбагаціцца міжрэлігійным дыялогам, заснаваным на ўзаемнай павазе і сцвярджэнні веры”. Ён падкрэсліў, што міжрэлігійны дыялог пераследуе дзве ўзаемазвязаныя мэты: па-першае ён садзейнічае ўзаемаразуменню паміж рэлігіямі, а па-другое – дапамагае нам адкрыць для сябе супольныя каштоўнасці, робячы магчымым супрацоўніцтва на карысць агульнага дабра.

Прадстаўнік Святога Пасаду нагадаў, што Папа акрэслівае добрыя стасункі паміж людзьмі розных веравызнанняў і сапраўдны дыялог, заснаваны на каштоўнасці любові, як парадыгму сацыяльнага сяброўства. “Па яго словах “адзінства паміж рознагалоссяў (...) можа быць дасягнута толькі тымі (...), хто гатовы выйсці за рамкі канфлікту і ўбачыць іншых у іх глыбокай годнасці”, - сказаў арцыбіскуп Кача, выказваючы пажаданне, каб нью-ёркскі форум дапамог прасунуцца наперад на шляху да братэрскага грамадства, заснаванага на сапраўдным дыялогу.
 

15 чэрвеня 2023, 11:43