Пошук

Кардынал П'етра Паралін на Форуме, прысвечаным дыялогу і міру на Балканах Кардынал П'етра Паралін на Форуме, прысвечаным дыялогу і міру на Балканах 

Дзяржсакратар заклікаў Балканы ісці шляхам братэрства

Пра важнасць будаўніцтва мастоў, якія аб'ядноўваюць, а не муроў, якія падзяляюць і абмяжоўваюць гарызонты, нагадаў кардынал П’етра Паралін.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Выступаючы 17 чэрвеня 2023 года на Форуме, прысвечаным дыялогу і міру на Балканах, які праходзіць у славенскім Коперы, Дзяржсакратар Яго Святасці Папы адзначыў, што ў сучасным свеце, які раздзіраюць войны і канфлікты, вельмі важна разважаць над тэмай міру і дыялогу. Гэта асабліва тычыцца Балканскага рэгіёну, які часам называюць парахавой бочкай Еўропы. Аднак на працягу гісторыі гэты рэгіён быў таксама і сведкам выдатных прыкладаў мірнага суіснавання людзей розных нацыянальнасцяў, культур і рэлігій. Гэта добра відаць па архітэктуры некаторых балканскіх гарадоў, дзе ўзвышаюцца каталіцкія і праваслаўныя саборы, мусульманскія мячэці і яўрэйскія сінагогі. Гісторыя балканскіх краін прадэманстравала, што грамадства, у якім адрозненні ўяўляюць сабой не цяжар, а крыніцу багацця, магчыма. З іншага боку, на жаль, гэты рэгіён таксама паказаў у 90-я гады, як мала трэба, каб разбурыць такое грамадства, - адзначыў кардынал Паралін.

Пазіцыя Святога Пасада ў балканскім канфлікце 90-х гадоў

Дзяржсакратар зазначыў, што Святы Пасад, які захоўвае вернасць евангельскім словам “Шчаслівыя міратворцы" (Мц 5, 9), заўсёды імкнецца быць суверэнным і незалежным міжнародным суб'ектам, свабодным ад палітычных, эканамічных і ваенных інтарэсаў і здольным выступаць пасярэднікам у канфліктах паміж дзяржавамі і ўнутры дзяржаў. Пазіцыя Святога Пасада ў балканскім канфлікце 90-х гадоў была паслядоўнай і адпавядала місіі Касцёла ў свеце. Ён заклікаў да павагі права народаў на самавызначэнне, да павагі правоў чалавека і нацыянальных супольнасцяў, а таксама да адмовы ад прымянення сілы для вырашэння спрэчных пытанняў. Святы Пасад заклікаў да нястомнага працягу дыялогу паміж бакамі і аднаўленню мірнага суіснавання паміж народамі Югаславіі на аснове ўзаемнай павагі і справядлівасці. З пачаткам узброеных аперацыі ў Славеніі і Харватыі ў 1991 годзе расло перакананне ў тым, што міжнароднае прызнанне незалежнасці дзвюх рэспублік магло б спрыяць дасягненню міру, і заахвоціла Святы Пасад спрыяць стварэнню міжнароднага кансенсусу па гэтаму пытанню.

Іерарх нагадаў, што Ян Павел II неаднаразова звяртаўся да вернікаў і рэлігійных лідэраў каталіцкай, праваслаўнай і мусульманскай супольнасцяў, заклікаючы да дыялогу і сумесных дзеянняў па стварэнню атмасферы міру і культуры сустрэчы сярод розных груп насельніцтва, якім наканавана жыць разам у новай Еўропе. Нават сёння Балканам неабходна развіваць культуру сустрэчы, каб пераадолець культуру канфрантацыі, - лічыць кардынал Паралін.

Міжрэлігійны дыялог як найважнейшая ўмова міру

Адным з важных элементаў культуры сустрэчы з'яўляецца дыялог. Для мірнай будучыні Балкан, дзе сустракаюцца лацінская, візантыйская і ісламская культуры, асаблівае значэнне мае міжрэлігійны дыялог. Падчас свайго візіту ў Боснію і Герцагавіну ў 2015 годзе Францішак пацвердзіў, што міжрэлігійны дыялог з'яўляецца “абавязкам усіх вернікаў", а рэлігійныя лідэры – галоўныя захавальнікі міру. У вучэнні Пантыфіка экуменічны і міжрэлігійны дыялог звычайна апісваецца як сустрэча, як заклік будаваць масты, - нагадаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.

Еўрапейская будучыня рэгіёна

Перспектыва пашырэння Еўрапейскага Саюза адкрывае для Заходніх Балкан спрыяльныя магчымасці па прасоўванню структурных рэформаў у палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сферах, а таксама для ўмацавання міру, стабільнасці і дэмакратыі на ўсім кантыненце. Адчуваючы сувязь з еўрапейскімі нацыямі па геаграфічных, гістарычных і культурных прычынах, краіны Заходніх Балкан імкнуцца да інстытуцыйнай інтэграцыі з дзяржавамі, якія ўжо ўваходзяць у Еўрапейскі Саюз. Святы Пасад добразычліва ставіцца да гэтага імкнення, рашуча падтрымлівае яго і спадзяецца, што яго рэалізацыя палегчыць жыццё грамадзян, якія з надзеяй глядзяць на Еўрапейскі Саюз у пошуках будучага росту і росквіту, - падкрэсліў Дзяржсакратар.

Францішак, які неаднаразова наведваў краіны Балканскага рэгіёна, марыць пра "шлях братэрства" для іх, а таксама пра такую Еўропу, якая б “назаўжды адмовілася ад перспектывы канфрантацыі", - сказаў іерарх.

Напрыканцы прамовы Дзяржсакратар выказаў блізкасць Святога Пасада да ўсіх жыхароў Балканскага рэгіёна і спадзяванне, што канферэнцыя зможа ўнесці свой уклад у будаўніцтва мастоў на Балканах.

17 чэрвеня 2023, 12:04