Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер  (AFP or licensors)

Галахер: Святы Пасад вітае ўсе намаганні для міру ва Украіне

Дыпламатыя дзеля міру ва Украіне, правы чалавека ў Кітаі, ядзерная праграма ў Іране – некаторыя тэмы, закранутыя падчас інтэрв’ю арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера італьянскаму выданню La Stampa.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі прызнаў, што пошук міру ва Украіне – гэта складаны працэс, а дыпламатычная дзейнасць Святога Пасаду накіравана на тое, каб “трымаць мяч у паветры, каб ён не ўпаў на зямлю”, гэта значыць, каб захаваць ідэю мірнага працэсу.

“Мы ўсведамляем цяжкасці, разумеем пакуты ўкраінскага народа і пазіцыю яго лідараў. Але ў той жа час, як даўно сказаў Прэзідэнт Зяленскі, “гэта вайна скончыцца за сталом перамоў”. Такім чынам, усё, што мы можам рабіць, усе нашы намаганні накіраваны на тое, каб як мага хутчэй сесці за стол перамоў”, - сказаў ён.

Іерарх заўважыў, што Папа думае пра мір ва Украіне ад самага пачатку шырокамаштабнай вайны, “пастаянна ацэньваючы ідэі і прапановы, якія дапамаглі б аслабіць напружанасць” і “вызначыць шляхі да справядлівага міру”. На дадзены момант працягваецца вывучэнне магчымасцей і часу рэалізацыі мірнай місій, даручанай кардыналу Матэа Дзупі, - дадаў ён.

Арцыбіскуп Галахер зазначыў, што Апостальская Сталіца вітае намаганні ўсіх краін, накіраваныя на спыненне вайны ва Украіне, а таксама заахвочвае да іх. “Калі Кітай можа зрабіць свой унёсак, калі мае каналы доступу да Масквы, а таксама да Кіева, мы не можам не быць задаволеныя”, - сказаў ватыканскі дыпламат. Ён адзначыў таксама, што “Іран, у сваіх адносінах з міжнароднай супольнасцю, павінен дзейнічаць адказна”. Святы Пасад жадае, каб гэта краіна рабіла станоўчы ўклад у гэтай сітуацыі, а таму, магчыма, Іран павінен змяніць сваю палітыку.

Адказваючы на пытанне пра правы чалавека ў Кітаі, арцыбіскуп зазначыў, што Святы Пасад мае абмежаваныя кантакты з кітайскімі ўладамі, якія тычацца галоўным чынам дамовы аб прызначэнні біскупаў. Святы Пасад імкнецца спрыяць нармалізацыі адносін каталіцкіх супольнасцей у Кітаі з уладамі, падтрымлівае мясцовых католікаў, каб маглі рабіць свой уклад у дабро грамадства. “Але наш уплыў на іншыя пытанні, якія тычацца правоў чалавека, вельмі, вельмі абмежаваны. Калі ў нас узнікае магчымасць, мы не вагаемся выказаць заклапочанасць”, - дадаў ён.

Арцыбіскуп Галахер зазначыў, што Апостальская Сталіца сочыць на адлегласці за справай амерыканскага журналіста Эван Гершковіча, арыштаванага ў Расіі па абвінавачванні ў шпіянажы. Іерарх пажадаў, каб ён атрымаў усё неабходную прававую дапамогу, каб судовая сістэма ставілася да яго справядліва, і каб як мага хутчэй стала вядомай праўда і кампетэнтныя ўлады дзейнічалі адпаведным чынам.

Іерарх адзначыў, што Святы Пасад падтрымлівае Сумесны ўсёабдымны план дзеянняў адносна ядзернай праграмы Ірана, назваўшы яго “рэсурсам і дапамогай для бяспекі на Блізкім Усходзе і ва ўсім свеце”. Ён нагадаў, што Апостальская Сталіца прыкладае намаганні на карысць свету, свабоднага ад ядзернай зброі, а гэта тэма з’яўляецца адной з найважнейшых сёння.
 

01 чэрвеня 2023, 10:36