Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Грош святога Пятра: у 2022 годзе было сабрана 107 мільёнаў еўра

107 мільёнаў еўра былі сабраны ў рамках традыцыйнага збору ахвяраванняў Грош святога Пятра (Obolo di San Pietro) у 2022 годзе. Яны былі накіраваны на фінансаванне дабрачынных праектаў Папы ў розных частках свету.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

30 чэрвеня 2023 года ў Ватыкана была абнародавана справаздача адносна выкарыстання ахвяраванняў. З яе вынікае, што 43,5 мільёны еўра з 107 мільёнаў складаюць ахвяраванні, сабраныя ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла ва ўсіх дыяцэзіях свету, ахвяраванні вернікаў, грошы перададзеныя фонду Грош святога Пятра або непасрэдна Папу.

Паведамляецца, што 63% было атрымана ад дыяцэзій, 29% – ад фондаў, 5,5% –ад прыватных асоб і 2,5% – ад манаскіх супольнасцей. Найбольшую колькасць ахвяраванняў склалі вернікі з ЗША (25,3%), Паўднёвай Карэі (8%) і Італіі (6,7%), за якімі ідуць Бразілія (3,4%), Германія (3%) і Францыя (2,8%).

Яшчэ 63,5 мільёны еўра было атрыманы ў выніку фінансавых і іншых прыбыткаў. З гэтай сумы каля 50 мільёнаў еўра было выручана ў выніку продажу нерухомасці, якая знаходзіцца ва ўласнасці фонда Грош святога Пятра.

Адзначаецца, што на працягу 2022 года выдаткі фонда склалі 95,5 мільёнаў еўра. 16,2 мільёна еўра пайшлі на прамую дапамогу найбольш патрабуючым: бедным людзям і сем’ям, мігрантам і бежанцам, дыяцэзіям, парафіям і манаскім супольнасцям, якія перажываюць цяжкасці, ахвярам стыхійных бедстваў і войнаў. Гаворка ідзе пра 192 праекты ў 72 краінах свету, з якіх 34% знаходзяцца ў Афрыцы, 27% – у Еўропе, галоўным чынам звязаныя з вайной ва Украіне, 24% – у Амерыцы, 14% – у Азіі і 0,6% – у Акіяніі.

77,6 мільёнаў еўра былі накіраваны на падтрымку апостальскай місіі Святога Айца, гэта значыць на фінансаванне дзейнасці, якая ажыццяўляецца рознымі структурамі Апостальскай Сталіцы. Гэту місію здзяйсняюць 70 ватыканскіх устаноў. Іх агульныя выдаткі склалі 389,9 мільёнаў еўра, з якіх 20% пакрыў фонд Грош святога Пятра.
 

30 чэрвеня 2023, 15:12