Кардынал Гамбэці: той, хто прагне любові, не ўзвышаецца
Марыя Валодзіна – Vatican News
Галоўная перашкода для тых, хто прагне любові і вечнага жыцця, заключаецца, на думку Гамбэці, у тым, што “мы не любім апускацца”. Мы кіруемся прынцыпамі мірской велічы, імкнемся да самасцвярджэння, авалодання, дамінавання. Езус жа, кажучы пра ўзвышэнне, гаворыць пра ўзвышэнне на крыжы, гэта значыць пра прыніжэнне, апусканне, таму што менавіта там ззяе любоў Бога да чалавека, адзначыў іерарх.
Каментуючы ўрывак Евангелля святога Яна, архіпрэзбітэр ватыканскай базілікі нагадаў словы Езуса пра таямніцу эўхарыстычнага хлеба: “Я - хлеб жывы, Які сышоў з нябёсаў” (Ян, 6-51). Гэтымі словамі Збаўца нагадвае нам, што той, хто будзе прымаць гэты хлеб, будзе жыць вечна.
Акрамя таго, усе хрысціяне, прымаючы Эўхарыстыю, падзяляюць аднаго і таго ж Бога і становяцца братамі і сёстрамі, - сказаў кардынал Гамбэці. І калі мы сапраўды прагнем паўнавартаснага жыцця, мы павінны прыслухацца да закліку Езуса: устаць і ісці, бо шлях доўгі, але мы падарожнічаем не адны, NotАlone. Аб гэтым пойдзе гаворка падчас Сусветнай сустрэчы на тэму чалавечага братэрства #NotAlone, якая пройдзе на плошчы Святога Пятра 10 чэрвеня 2023 года, - нагадаў кардынал Гамбэці, запрашаючы вернікаў маліцца за здароўе шпіталізаванага Францішка.