Пошук

Кардынал Агасціна Казаролі Кардынал Агасціна Казаролі  

Кардынал Паралін: Казаролі даў надзею Касцёлу Усходняй Еўропы

Пра вялікія дыпламатычныя і духоўныя здольнасці аднаго са сваіх папярэднікаў нагадаў 9 чэрвеня 2023 года кардынал Дзяржсакратар П'етра Паралін.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Непахісная вера ў Божы Провід і здольнасць спадзявацца на Пана нават у часы надзвычайных цяжкасцяў дазволілі кардыналу Агасціна Казаролі стаць выключным чалавекам дыялогу ў гістарычны момант вялікага геапалітычнага супрацьстаяння і пераследу Касцёла ва Усходняй Еўропе, - адзначыў кардынал Паралін у гаміліі з нагоды 25-й гадавіны смерці кардынала Казаролі, які быў Дзяржсакратаром у перыяд пантыфікату Яна Паўла II, з 1979 па 1990 год.

Памінальная Імша прайшла на радзіме Агасціна Казаролі ў Кастэль-Сан-Джавані, што ў правінцыі П'ячэнцы, дзе ў дзяцінстве ён атрымаў моцную і спакойную веру, якая дазволіла яму ніколі не адступаць перад цяжкасцямі. Кардынал Паралін параўнаў постаць Казаролі з евангельскім Тавітам, які “нягледзячы на небяспеку і сур'ёзную рызыку, ніколі не губляў даверу да Бога". Па словах іерарха, "прыгожая і аптымістычная гісторыя Казаролі вучыць нас ніколі не губляць веру ў Божы Провід”. У наш час, калі мы жывем так, як быццам Бога не існуе, “гісторыя Тавіта дае нам магчымасць праверыць, ці з'яўляецца наша вера проста звычкай альбо мае глыбокія карані, нават перад тварам пераканаўчых доказаў".

Кардынал Паралін узгадаў вялікія дыпламатычныя здольнасці Агасціна Казаролі, яго цярплівую і каштоўную дзейнасць у гады супрацьстаяння Усхода і Захада, калі Еўропа была падзелена "жалезнай заслонай", а таксама яго імкненне вярнуць надзею на будучыню Касцёлу ў краінах з камуністычным рэжымам.

Дзяржсакратар нагадаў, што Казаролі паважалі і называлі "чалавекам дыялогу", але ў той жа час крытыкавалі і памылкова лічылі “занадта паблажлівым і спагадлівым у адносінах да блока, які ўзначальваў Савецкі Саюз". За дзеяннямі ватыканскага дыпламата заўсёды стаяла "вялікая вера ў місію Касцёла, закліканага абвяшчаць надзею на Валадарства Божае бедным і багатым, вучоным і невукам, вернікам і агностыкам, а таксама - чаму б не? - атэістам", - падкрэсліў Дзяржсакратар.

Напрыканцы гаміліі кардынал Паралін адзначыў, што Агасціна Казаролі "заўсёды глядзеў на бязмежныя і яшчэ не раскрытыя гарызонты гісторыі, спадзеючыся на будучыню, у значнай ступені пазначаную Божым Провідам".

10 чэрвеня 2023, 10:52