Рада кардыналаў завяршыла сваё двухдзённае пасяджэнне
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У супрацоўніцтве з кардыналам Джанфранка Гірландай, былі зроблены першыя крокі ў разважанні над тым, як рэалізаваць дух, прынцыпы і крытэрыі апостальскай канстытуцыі Praedicate evangelium у дыяцэзіяльных курыях.
У сувязі з Сінодам, які працягваецца, тэмай абмеркавання стала сінадальнасць. Кардынал Марыё Грэк, генеральны сакратар Сінода Біскупаў, прадставіў дзейнасць за апошнія месяцы перад кастрычніцкай генеральнай асамблеяй.
У сваю чаргу кардынал Шон О’Мэлі паведаміў аб майскай пленарнай асамблеі Папскай камісіі па абароне непаўналетніх, а таксама аб яе працы па абнаўленні агульнакасцёльных законаў і практык для забеспячэння эфектыўнасці механізмаў абароны дзяцей у кожнай дыяцэзіі.
Тэмай разважанняў таксама стаў “канфлікт, які працягваецца ва Украіне”.
Гэта другое пасяджэнне Рады ў новым складзе. Папярэдняе прайшло ў красавіку 2023 года. У сакавіку Францішак дапоўніў яе новымі чальцамі. З папярэдняга складу засталіся: П’етра Паралін, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы; Фернанда Вергес Альсага, старшыня Папскай камісіі па справах Дзяржавы Ватыкан і Губернатарата Дзяржавы Ватыкан; Фрыдалін Амбонга Бесунгу, арцыбіскуп Кіншасы з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга; Освальд Грасіяс, арцыбіскуп Мумбая з Індыі; Шон Патрык О’Мэлі, арцыбіскуп Бостана з ЗША.
Новымі членамі Рады кардыналаў сталі: Хуан Хасэ Амэлья-і-Амэлья, арцыбіскуп Барселоны з Іспаніі; Жэрар Лакруа, арцыбіскуп Квебека з Канады; Жан-Клод Олерыш, арцыбіскуп Люксембурга; Серджыу да Роша, арцыбіскуп Сан-Салвадора-да-Бая з Бразіліі.
Сакратаром структуры застаўся італьянскі біскуп Марка Мэліна.
Чарговая сесія Рады кардыналаў адбудзецца ў снежні 2023 года.