Пошук

Кардынал Матэа Дзупі ў катэдральным касцёле ў Маскве Кардынал Матэа Дзупі ў катэдральным касцёле ў Маскве 

Святы Пасад: місія кардынала Дзупі – адкрыць шляхі да міру

Святы Пасад паінфармаваў пра завяршэнне місіі кардынала Матэа Дзупі ў Расіі. Іерарх наведаў Маскву з 28 па 30 чэрвеня 2023 года па даручэнні Папы. Вынікі паездкі будуць прадстаўлены Святому Айцу.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Кардынал Дзупі знаходзіўся ў Маскве “з мэтай вызначэння гуманітарных ініцыятыў, здольных адкрыць шляхі для дасягнення міру”. Зала Друку Апостальскай Сталіцы нагадала, што папскі пасланнік сустрэўся з Юрыем Ушаковым, памочнікам Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па знешнепалітычных пытаннях, і Марыяй Львовай-Бяловай, упаўнаважанай пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі па правах дзіцяці. Падчас перамоў падкрэсліваўся гуманітарны аспект ініцыятывы, а таксама неабходнасць дасягнення так жаданага міру.

Кардынал Дзупі падчас свайго кароткага візіту наведаў храм пры Траццякоўскай галерэі, дзе памаліўся перад абразом Маці Божай Уладзімірскай, апецы якой даручыў сваю місію.

Іерарх сустрэўся таксама з Патрыярхам Маскоўскім Кірылам, якому пераказаў прывітанне ад Святога Айца і з якім абмеркаваў гуманітарныя ініцыятывы, накіраваныя на пошук міру.

Папскі пасланнік меў сустрэчы з расійскім каталіцкім епіскапатам, а таксама ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў маскоўскім катэдральным касцёле, у якой бралі ўдзел шматлікія святары. Літургія прайшла ў прысутнасці паслоў і прадстаўнікоў Міністэрства замежных спраў Расіі.

Вынікі візіту будуць перададзены Святому Айцу ў перспектыве далейшых крокаў, якія належыць зрабіць як на гуманітарным узроўні, так і ў пошуку міратворчых шляхоў, гаворыцца ў камюніке Залы Друку Апостальскай Сталіцы.
 

30 чэрвеня 2023, 15:53