Пошук

Урна з прахам Бурхарда Шэфлера Урна з прахам Бурхарда Шэфлера 

Ватыкан: пахаванне бяздомнага, памерлага ля плошчы святога Пятра

16 чэрвеня 2023 года на могілках Campo Santo Teutonico ў Ватыкане адбылося пахаванне Бурхарда Шэфлера, які памёр раніцай 25 лістапада 2022 года пад каланадай плошчы святога Пятра, дзе правёў ноч.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Цэлебруючы Літургію слова перад пахаваннем 61-гадовага немца, які прыняў хрост як пратэстант, рэктар нямецкай калегіі, ксёндз Конрад Бестле спаслаўся на ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса: “Ёсць сэрца, - сказаў ён, - у якім трывала ўпісаны нашы імёны: сэрца нашага Пана Езуса Хрыста, прабітае дзідай, калі ён вісеў на крыжы. Гэтаму сэрцу, гэтай любові мы давяраем жыццё спадара Бурхарда Шэфлера".

Папа Францішак згадаў пра памерлага 2 красавіка 2023 года падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі.

Брацтва Маці Божай Балеснай у Campo Santo Teutonico пагадзілася пахаваць нябожчыка ў сваёй магіле для пілігрымаў. Пахаванне зацягнулі складанасці, у тым ліку бюракратычныя. Крэмацыю аплаціў горад Рым. Амаль праз сем месяцаў пасля смерці Буркхард Шэфлер знайшоў свой апошні спачын у Ватыкане, каля базілікі святога Пятра, у некалькіх метрах ад магілы апостала Пятра.

У лютым 2015 года са згоды Папы Францішка на тых жа могілках было пахавана цела васьмідзесяцігадовага бяздомнага з Бельгіі, які шмат гадоў жыў у ваколіцах плошчы святога Пятра.
 

20 чэрвеня 2023, 10:17