Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Першы ватыканскі спадарожнік даставіць на арбіту пасланне надзеі

12 чэрвеня 2023 года з амерыканскай базы Вандэнберг у Каліфорніі запланаваны старт 70-мятровай ракеты Falcon 9, якая даставіць на арбіту першы ватыканскі спадарожнік Spei Satelles.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

На борце спадарожніка знаходзіцца пасланне надзеі і міру папы Францішка для ўсяго свету – нанакніга з малітвай Statio Orbi, якую ён прамовіў на бязлюднай плошчы святога Пятра ў самы разгар пандэміі COVID-19, 27 сакавіка 2020 года. 160 старонак кнігі былі змешчаны ў мікрасхеме памерам са шпілечную галоўку, створаную Італьянскім нацыянальным цэнтрам навуковых даследаванняў (CNR).

Спадарожнік быў пабудаваны ў рэкордныя тры месяцы камандай маладых навукоўцаў з Політэхнічнага ўніверсітэта ў Турыне пад кіраўніцтвам Сабрыны Карпіны, прафесара кафедры аэракасмічнай тэхнікі. Ён уяўляе сабой невялікую скрынку і важыць усяго каля трох кілаграмаў. Звонку апарат пакрыты сонечнымі панэлямі, неабходнымі для энергазабеспячэння, а ўнутры, акрамя нанакнігі, знаходзяцца два бартавыя камп’ютары, акумулятар, датчыкі, два магніты для стабілізацыі і два перадатчыкі на ўльтравысокіх частотах: кожныя дзе хвіліны яны будуць перадаваць словы Святога Айца на тэму надзеі і міру для чалавецтва, якія змогуць пачуць радыёаматары ва ўсім свеце.

Касмічная місія Spei Satelles – Спадарожнік надзеі – з’яўляецца сумесным праектам ватыканскай Дыкастэрыі па камунікацыі і Італьянскага касмічнага агенцтва.
 

12 чэрвеня 2023, 10:19